Для Юрыя Захар’евіча Лазарца, галоўнага агранома КУВСП імя Маркава, мінулы год быў адметным. Ён адзначыў свой 40-гадовы юбілей з дня нараджэння. І не менш важная падзея адбылася напрыканцы года — ён атрымаў вышэйшую адукацыю без адрыву ад вытворчасці ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, пацвердзіў сваё высакароднае званне — аграном. Не складана было набываць тэарэтычныя веды вялікаму практыку. Сваю працоўную дзейнасць на пасадзе агранома, затым галоўнага агранома Ю. З. Лазарэц пачынаў у Браслаўскім раёне, куды быў накіраваны па размеркаванні пасля заканчэння сельскагаспадарчага каледжа. Затым, па волі лёсу Юрый Захар’евіч трапіў у наш раён 14 гадоў таму назад, непасрэдна ў КУВСП імя Маркава галоўным аграномам. У гаспадарцы вялікая ўвага надаецца нарыхтоўцы кармоў, праводзіцца выпрабаванне новых сартоў сельскагаспадарчых культур, падтрымліваецца дысцыпліна працы ў калектыве. Пасада агранома вельмі складаная і адказная. Яна вызначаецца тым, што пасля напружанай працы вясной можна бачыць плады сваёй дзейнасці восенню — дасягненні і пралікі. Прыемна паглядзець, калі на полі каласіцца збажына, а затым напаўняюцца засекі адборным зернем, калі ёсць дастаткова кармоў для грамадскага статка… Вялікі аб’ём работ даводзіцца праводзіць тэхнолагу палёў, але гаспадарка забяспечыла спецыяліста транспартам, а гэта вялікая падмога.
Цяпер, у зімовы перыяд, агранамічная служба займаецца падрыхтоўкай насеннага матэрыялу для сяўбы. План засыпкі насення ім даведзены ў 320 тон. Ачышчана і адпавядае кандыцыі 445 тон. Застаецца давесці да ладу насенне траў, чым і займаюцца хлебаробы гаспадаркі.
Дарэчы, прафесію агранома выбірае той, хто любіць зямлю і ўсё, што на ёй вырастае, з душой адносіцца да сваіх абавязкаў. Да ліку такіх адносіцца і Юрый Захар’евіч, які ні разу не памыліўся ў выбраным аднойчы для сябе працоўным шляху.
Кацярына СОСНА,
фота аўтара.