Дырэктар РВУ “Шаркаўшчынарайгаз” Эдвард Вялічка знаходзіць час на работу, творчасць, спорт

Актуальное

Э. Э. Вялічка каля будынка РВУ “Шаркаўшчынарайгаз”

Часам чалавек зменіць шмат працоўных месцаў, паспрабуе шмат прафесій перад тым, як адшукаць сваё прызванне, сваё месца ў жыцці. Менавіта так адбылося з дырэктарам РВУ “Шаркаўшчынарайгаз” Эдвардам Эдвардавічам Вялічкам. Закончыўшы Шаркаўшчынскую сярэднюю школу № 1, ён год правучыўся ў тэхнічным вучылішчы ў Мінску. Потым была ваенная служба. Ад прыроды атлетычнага целаскладу, ён служыў у Германіі ў спартыўным клубе. Зрэшты, спорт заўсёды меў і мае важнае значэнне ў яго жыцці. Яшчэ падчас службы скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры і спорту. Мае званне майстра спорту па акадэмічнаму веславанню, выступаў у гэтым відзе за каманду ЦСКА, зборную БССР. Акрамя гэтага поспехаў дасягнуў у гіравым спорце, цікавяць валейбол, армрэслінг.
Пасля службы ў арміі вярнуўся ў Шаркаўшчыну, працаваў метадыстам РДК, старшынёй раённага спорткамітэта, настаўнікам фізкультуры ў Верацеях. А потым паступіў на службу ў міліцыю, скончыў завочна міліцэйскую акадэмію і адпрацаваў 8 гадоў у Шаркаўшчынскім РАУС. Наперадзе чакаў чарговы рэзкі паварот у лёсе: вырашыў паспрабаваць сябе ў камерцыі, у яго быў уласны магазін. За гэты час паездзіў па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Пазней уладкаваўся ў ПМС спачатку майстрам, потым — прарабам. І толькі пасля гэтага прыйшоў у райгаз, пачынаў прыёмшчыкам заказаў, быў прызначаны майстрам, працаваў намеснікам тэхінспекцыі ў “Віцебскаблгазе”, дырэктарам Лёзненскага райгаза і вось 5 гадоў узначальвае РВУ “Шаркаўшчынарайгаз”. Адным з яго асноўных  патрабаванняў да калектыву з’яўляецца дысцыпліна, сур’ёзныя адносіны да работы кожнага спецыяліста і работніка. Вялікая ўвага надаецца знешняму выгляду вытворчай тэрыторыі прадпрыемства, неаднаразова шаркаўчане займалі прызавыя месцы ў аглядах-конкурсах на лепшае добраўпарадкаванне.
Асобнае месца ў жыцці Эдварда Эдвардавіча займае творчасць, гэта, як кажуць, занятак для душы. Піша жартаўлівыя вершы, байкі, апавяданні, словы для песень, многія з якіх уласна і выконвае. З’яўляецца ўдзельнікам народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Сваю цікавасць да творчасці Эдвард Эдвардавіч прывівае і ў калектыве, значных поспехаў дасягнулі шаркаўшчынскія газавікі ў мастацкай самадзейнасці, займаюць высокія месцы на ўнутрыгаліновых конкурсах.
Як жа ўдаецца нашаму герою знаходзіць час на ўсё — на работу, сям’ю, спорт, творчасць?
— Калі шчыра, — адказвае Эдвард Эдвардавіч, — то часу якраз і не хапае. Ну а для таго, каб паспяваць болей, павінна быць самадысцыпліна, уменне вызначаць галоўнае для сябе. Напэўна, дапамагае і тое, што ўстрымліваюся ад шкодных звычак, люблю жыццё, прыроду, гумар.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *