29 лістапада ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску было абвешчана, што Папа Францішак прызначыў біскупам Віцебскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла 41-гадовага ўраджэнца Браслава Алега Буткевіча. Да гэтага біскупам быў Уладзіслаў Блін, які па стану здароўя папрасіўся ў адстаўку.
Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне ў 1994 годзе Алег Буткевіч скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Святарскае пасведчанне прыняў 13 мая 2000 года. Ён выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў Наваполацку і Міёрах, абавязкі пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. З 2003 года выконваў абавязкі пробашча парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэкана дэканату Віцебск-паўночны.
Урачыстая кансэкрацыя біскупа намінанта Алега Буткевіча адбылася 18 студзеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску. У касцёле прысутнічалі шэраг ксяндзоў з розных парафій Віцебшчыны, вернікі. Была дэлегацыя і з нашага раёна на чале з ксяндзом Крыштафам Сілкоўскім у колькасці 22 чалавек (у тым ліку 8 дзетак рознага ўзросту).
— Алег Буткевіч — вельмі набожны святар, яркі прапаведнік веры, просты і даступны ў зносінах з людзьмі суразмоўца, шчыры беларускамоўны беларус, энергічны арганізатар розных мерапрыемстваў, — падзяліўся ўраджаннямі ксёндз Крыштаф.
Атрымаўшы прызначэнне на пасаду біскупа, Алег Буткевіч стаў адным з самых маладых каталіцкіх біскупаў у свеце.
З такой нагоды новага біскупа павіншаваў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец і біскуп Віцебскі і Аршанскі Дзмітрый.
Кацярына СОСНА.
