З надыходам цяпла людзі выходзяць адпачываць на прыроду. Калі побач з месцам адпачынку знаходзіцца вадаём, камусьці абавязкова пры гэтым захочацца пакупацца. Трагедыя з лятальным зыходам здарылася ў нашым гарадскім пасёлку. Расказвае пра яе старшыня таварыства выратавання на вадзе Уладзімір Валер’евіч Катовіч:
— Вечарам у нядзелю, 18 мая, кампанія маладых людзей адпачывала ў парку сельгастэхнікі. Адзін з іх, шаркаўчанін 1992 года нараджэння, вырашыў пакупацца ў штучным вадаёме. Купанне закончылася ўтапленнем. У сувязі з гэтым у чарговы раз прашу ўстрымацца ад купання. Нягледзячы на спякотнае надвор’е, вада яшчэ не прагрэлася да неабходнай тэмпературы. А калі халодная вада не спыніць вас, то захоўвайце правілы бяспекі, купайцеся ў вызначаных месцах, у прысутнасці іншых людзей, не заплывайце далёка ад берага.
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.
