Працуюць энергічныя энергетыкі

Общество

Кожны працоўны дзень работнікі Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак займаюцца рэканструкцыяй ліній электраперадач у гарадскім пасёлку і сельскіх населеных пунктах.

— У мінулым годзе гэты від работы выкананы на вуліцы Дзіўнай у вёсцы Гарадзец, на вуліцы Савецкай у аграгарадку Германавічы, на вуліцах Баговіча, Маркава і Піянерскай у аграгарадках Радзюкі і Більдзюгі, — паведаміў начальнік Шаркаўшчынскага РЭС Уладзімір Фёдараў. — Уласнымі сіламі выканана замена провада на вуліцах Драздовіча і Дзярабіна ў Германавічах, у аграгарадку Наваселле, вёсках Зорка і Зямцы.

Аператыўна і зладжана спрацавалі шаркаўшчынскія энергетыкі на выразцы дрэў і кустоўя для далейшай замены старых драўляных апор на новыя жалезабетонныя на вуліцы Паркавай у гарадскім пасёлку. На выдаленні хмызняку былі задзейнічаны трактарыст Валерый Рачыцкі і электраманцёр Міхаіл Шакель (на здымку).

— Каманда сапраўдных прафесіяналаў, — так ахарактарызаваў калектыў падначаленых работнікаў Уладзімір Фёдараў. — У любое надвор’е, ва ўсе поры года мы, шаркаўшчынскія энергетыкі, забяспечваем надзейнае і бесперабойнае электразабеспячэнне сваіх спажыўцоў.