Тэатру эстраднай песні “Маленькая фея” прысвоена званне «Узорны»

Актуальное

удзельніцы тэатра эстраднай песні “Маленькая фея” з мастацкім кіраўніком В. М. Шуман

Прыхільнікам песеннага мастацтва гарадскога пасёлка і раёна добра вядомы дзіцячы калектыў — тэатр эстраднай песні “Маленькая фея”, што працуе пры раённым Доме культуры. Ён быў створаны ў 2000 годзе як тэатр моды на базе Цэнтра пазашкольнай работы. Пасля таго, як кіраўнік калектыву Вера Мефодзьеўна Шуман працаўладкавалася на пасаду мастацкага кіраўніка РДК, гурткоўцы пачалі займацца на базе цэнтральнай установы культуры райцэнтра. З кожным годам удзельнікі тэатра ўдасканальвалі сваё выканаўчае майстэрства, пашыралі рэпертуар. Ніводнае гарадское культурна-масавае мерапрыемства не абыходзілася без “Маленькай феі”. Пакрысе юныя спявачкі сталі заваёўваць сімпатыі гледачоў за межамі нашага раёна, іх сталі запрашаць да ўдзелу ў абласных, рэгіянальных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях. Толькі за апошні час тэатр эстраднай песні стаў дыпламантам рэспубліканскага конкурсу юных выканаўцаў песні “Халі-Хало” і абласнога свята нацыянальных культур “Нас з’яднала зямля Беларусі”, пераможцам тэлевізійнага творчага праекта “Зорны шлях” і рэгіянальнага дзіцячага свята мастацтваў “Двина-Дзвіна-Daugava”.
З пачатку стварэння калектыву мінула ўжо 14 год. Першыя яго удзельніцы Крысціна Шуман, Анастасія Козел, Таццяна Хахель, Марына Апалька, Вольга Грэцкая і іншыя — хто вучыцца ў ВНУ, а хто ўжо і працуе. Дарэчы, большасць удзельніц першага саставу вырашылі звязаць сваю прафесійную дзейнасць са сферай культуры і мастацтва. Зараз шаркаўшчынскіх гледачоў радуюць сваімі выступленнямі ажно два саставы “Маленькай феі”. Старэйшую групу складаюць вучаніцы 7-х—11-х класаў. А васьмігадовыя дзяўчынкі — гэта малодшы гурт удзельнікаў тэатра эстраднай песні.
І вось некалькі дзён таму назад на адрас аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама даслалі Пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за подпісам міністра Б. У. Святлова. У ёй гаворыцца: “За дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, актыўную канцэртную дзейнасць прысвоіць званне “Узорны” тэатру эстраднай песні “Маленькая фея” Шаркаўшчынскага раённага Дома культуры Віцебскай вобласці”. Прысваенне звання такога ўзроўню — вяршыня, да якой мастацкі кіраўнік Вера Мефодзьеўна Шуман ішла разам са сваімі выхаванцамі на працягу чатырнаццаці гадоў, заваёўваючы сімпатыі і прызнанне гледачоў, павагу і аўтарытэт сярод калег.
Ад шчырага сэрца віншуем дзіцячы калектыў з чарговай узнагародай і жадаем далейшых творчых поспехаў!
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *