Мы на Спас чакаем вас!

Актуальное

IMG_4574

Міледзій КУКУЦЬ

СЁННЯ — СПАС

Льецца песня — сёння Спас!

Мы на фэст чакаем Вас,

Запрашаем — прыязджай

У Алашкі — райскі край!

Тут вядомы садавод

Вынайшаў дзівосны плод.

Дар Сікоры пасмакуй,

Спелы яблык пакаштуй!

Ён ад сонца наліўны,

Ці малы ты, ці стары

Еш і пацяшайся,

Сілы набірайся.

Размеранае жыццё невялікай вёскі Алашкі кожны год напрыканцы жніўня мяняецца ў адваротны бок. Нагодай таму з’яўляецца правядзенне абласнога свята “Яблычны фэст”. Гэта маштабнае культурна-масавае мерапрыемства пачало праходзіць на малой радзіме заслужанага агранома БССР, садавода-аматара Івана Паўлавіча Сікоры з 1999 года. Тады, а менавіта 19 жніўня, адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага музея, прысвечанага нашаму земляку. Свята з цягам часу набыло абласны маштаб, таму і госці ў Алашкі з’язджаюцца з усёй Віцебшчыны. Каб пабачыць мясцовыя маляўнічыя краявіды, акунуцца ў фестывальную атмасферу, прыязджаюць таксама людзі з розных рэгіёнаў нашай краіны і бліжняга замежжа. Тут для наведвальнікаў праводзяць экскурсіі па доме-музеі, па яблыневым садзе. Сікораўскі музей з’яўляецца не толькі ўстановай культуры з адпаведнымі функцыямі. Акрамя пастаянна дзеючай экспазіцыі, запаснікаў фондаў, якія заўсёды папаўняюцца, тут яшчэ займаюцца развядзеннем пладовых дрэў. Работнікі музея на тэрыторыі плодагадавальніка высаджваюць вясною прышчэпкі яблынь, ігруш, іншых пладовых дрэў, каб праз год прышчапіць да іх сікораўскія сарты. Мала каму вядомы той факт, што з арэхаў-фундукоў, выведзеных Іванам Сікорам, у свой час рабілі некаторыя стравы для савецкіх касманаўтаў.

Амерыканскі пісьменнік Рэй Брэдберы напісаў аднойчы апавяданне “Зялёны ранак”. У ім расказвалася пра чалавека, які прысвяціў сваё жыццё азеляненню Марса. Хіба не падобны ў нечым на героя апавядання Іван Паўлавіч? А знакаміты беларускі паэт Максім Танк прысвяціў свой верш Івану Сікору ўжо пасля смерці садавода. Наш зямляк тут паўстае чалавекам, які не хацеў, каб зямля ператварылася ў бязводную пустыню, а, наадварот, шапацела зялёным лісцем прыгожых пладовых садоў.

Памяць пра свайго слыннага земляка засталася ў сэрцах сяброў, родных, аднавяскоўцаў. Жыве ў Алашках стрыечная сястра Івана Паўлавіча Сікоры Галіна Іванаўна. Жанчына хоць ужо і знаходзіцца ў паважаным узросце, але яшчэ можа падзяліцца ўспамінамі пра шматлікія сустрэчы з садаводам, якія праходзілі ў пладовым садзе, у шыкоўным кветніку, на маляўнічых берагах алашкаўскага возера.

— Мы, маленькія вучні Слабадской школы, заўсёды з ахвотай хадзілі на экскурсіі ў сад да свайго земляка, — успамінае Галіна Іванаўна. — І цяпер праз гады дзіцячыя ўспаміны данеслі незабыўныя пах і водар спелых сакаўных яблыкаў, якімі з намі шчодра дзяліўся Іван Паўлавіч.

Галіна Іванаўна напісала шмат вершаў, прысвечаных нашаму земляку-садаводу. Некаторыя з іх нават пакладзеныя на музыку. Вось адзін з невялікіх твораў.

Памяці садавода

Кажуць, што на Спаса асвячаюць яблык,

Каб яму магічнасці прыдаць.

А пасля ўжо, старыкі казалі,

Можна толькі яблык паспытаць.

Я на Спаса яблык асвячаю,

Памалюся з іншымі ў царкве

І магіле нізка пакланюся,

Палажыўшы яблык на яе.

Той, што ў царкве мне асвяцілі,

Той, што ў садзе на зары сарваў.

А пасля з камком у горле ціха

На магілу са слязой паклаў.

Не мінаю я яе ніколі,

На магілу кветкі прынашу.

Пра жыццё, пра час той успамінаю,

Аб мінулым разам гавару.

Не забыць мне яго твар, паходку,

Голас, словы, што вучылі жыць.

Так няспынна час бяжыць наперад,

Шлях свой давядзецца завяршыць.

Але пасля нас нашчадкі нашы

Стануць слаўны шлях свой прадаўжаць

І магілу роднага Сікоры,

Як і я, не будуць забываць.

Тут ён нас у пакоі сустракае.

Дыярама — стаіць як жывы.

Час бяжыць, а ён — у нашым сэрцы

Застанецца геній назаўжды.

А Мікалай Аўхімовіч, які прыязджае адпачываць у Алашкі ўлетку, і Людміла Ардынская напісалі «Гімн вёскі Алашкі», на беларускую мову яго пераклала Людміла Ардынская, а музыку напісала Ірына Буднік.

Гімн вёскі Алашкі

Да азерца нясуць белых лебедзяў крылы,

На ўзгорку тут вёсачкі хаты стаяць,

Зноў вясною ляцяць у куточак свой мілы —

З даўніны пачалі тут з людзьмі сябраваць.

Прыпеў: Бяжыць да Дзісёнкі рачулка Быстрыца,

Алашкі — радзіма, Сікоры зямля.

Як спадчынай нашай нам ёй ганарыцца,

Каб памяць і слава ў народзе жыла.

Над Алашкамі ў небе ярчэйшыя зоры,

Тут спякотнае лета і студзіць зіма.

Патанаюць у квецені яблынь Сікоры

Дарагія мясціны, і лепшых няма.

Да Сікоры ідзём светлы смутак развеяць

На сцяжынках, дзе ў садзе павольна хадзіў.

І захочацца жыць, спадзявацца і верыць,

І бадзёрасць дасць спелы «ранет» і «наліў».

Светлы Яблычны Спас усіх гасцей тут збірае,

Завітаў хто аднойчы, зноў прыедзе сюды,

Дзе іскрыстае сонца зямлю сагравае,

У духмяных пладах вас сустрэнуць сады.

Мерапрыемства ў Алашках, якое сёлета носіць назву абласное свята аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст”, заўсёды праходзіць на шматлікіх пляцоўках.  Побач з музеем разнастайныя смачныя прысмакі прапануюць народныяклубы нацыянальнай кухні Віцебшчыны. Дарэчы, аснову большасці прыгатаваных страў складаюць яблыкі. Заўсёды радуюць сваімі адмысловымі кулінарнымі вырабамі народны клуб нацыянальнай кухні “Груца” Радзюкоўскага СДК, аматарскае аб’яднанне кухні, гульні і абрадаў “Стараверскія страпухі” Більдзюжскага СДК, іншыя творчыя калектывы нашага і іншых раёнаў.

І дарослыя, і дзеці знаходзяць тут цікавы адпачынак па душы. Сёння гасцей і ўдзельнікаў свята, як і ў мінулыя гады, будуць чакаць інтэрактыўныя гульнёвыя пляцоўкі: “Блінны панадворак”, “Музычна-гульнёвы панадворак”, “Спартыўна-цыркавая пляцоўка”, батуты, арэлі і іншыя атракцыёны. Па традыцыі на свята Перамянення Гасподняга па праваслаўных канонах на галоўнай сцэне словы малітвы прачытаюць свяшчэннаслужыцелі, святой вадою асвяцяць дары новага ўраджаю, жадаючы кожнаму дабра, здароўя і міру.

А для тых, хто жадае падсілкавацца, працуюць гандлёвыя рады. На свяце заўсёды можна набыць духмяны мёд у пчаляроў сельгаспрадпрыемстваў Шаркаўшчынскага раёна і ў індывідуальных прадпрымальнікаў з суседніх рэгіёнаў.

Пашырае свае межы свята “Яблычны фэст”, павялічваецца колькасць яго ўдзельнікаў, усё больш і больш у раёне высаджваюць маладыя пладовыя сады. У 2015 годзе на месцы былой пустэчы за ачышчальнымі збудаваннямі УКП ЖКГ у гарадскім пасёлку камунальнікі прывялі ў парадак тэрыторыю і высадзілі яблыневы сад. Каля аграгарадска Пялікі, побач з цэнтральнай дарогай, па ініцыятыве былога дырэктара ААТ “Даватарскі” Сяргея Валянцінавіча Струя таксама высадзілі яблыні, якія цяпер растуць і пладаносяць. Кожны год падчас правядзення суботнікаў каля ўстаноў, прадпрыемстваў, арганізацый гарадскога пасёлка і раёна высаджваюць пладовыя сады, каб яны шчодра адорвалі людзей восенню багатым ураджаем. Сёлета мы бачым, як у кожным населеным пункце, дзе пасаджаны пладовыя дрэвы, іх галіны гнуцца долу ад спелых пладоў, нібы аддаючы даніну павагі карпатлівай працы сваім гаспадарам за догляд.

Несумненна, што ў фестывалю “Яблычны фэст” наперадзе новыя гарызонты, якія абавязкова адкрыюць для шаркаўшчынскага брэнда — яблыка — новыя магчымасці ў рэалізацыі культурных праектаў, у наладжванні эканамічных стасункаў паміж рэгіёнамі не толькі нашай краіны, але і з замежнымі партнёрамі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_3222 IMG_3225 IMG_3226 IMG_3228 IMG_3229 IMG_3236 IMG_3240 IMG_3249 IMG_3251

Міледзій КУКУЦЬ

ЯБЛЫЧНЫ СПАС

Над спелаю нівай, цяністым узлессем

Курлычаць, ляцяць журавы ў паднябессі

Шлюць святу ў Алашках сваё віншаванне,

Зямле Шаркаўшчынскай паклон і прызнанне!

 

Імклівыя хмары плывуць над садамі,

Сягоння ў Алашках гасцюем мы з вамі.

Івана Сікору шануем на Спаса,

Вядомы садоўнік — тварэц без акраса!

 

Наш край Шаркаўшчынскі садамі багаты,

І дрэўцы Сікоры ля кожнае хаты

Растуць і квітнеюць, людзей уцяшаюць,

А творцу з падзякай усе праслаўляюць.

 

Скрозь з яблычным водарам ветрык пахучы

Нясе ў наваколле склад гукаў пявучых.

Івана Сікору народ праслаўляе,

Славуты зямляк наш з прыдзвінскага краю!

 

Лагоднае сонца плады налівае,

Угодлівы месяц расой амывае.

Да дрэва Сікоры грудзьмі прытулюся,

Душу супакою, тварцу пакланюся.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *