
Вельмі прыемна па тэлебачанні ці па радыё чуць як спяваюць або прафесійныя артысты, або звычайныя людзі, надзеленыя прыродным талентам выканаўчага майстэрства. Згадзіцеся, што гэта дадзена далёка не кожнаму. Тое ж можна сказаць і пра людзей, валодаючых музычнымі інструментамі.
У Шаркаўшчынскай дзіцячай школе мастацтваў працуюць вельмі таленавітыя выкладчыкі музычных дысцыплін. Яны займаюцца эстэтычным выхаваннем падрастаючага пакалення, прыкладаюць усе намаганні, каб прывіць сваім вучням любоў да музыкі. І хоць навучанне ў школах мастацтваў не з’яўляецца абавязковым, тым не менш, кіраўніцтва і настаўнікі гэтых устаноў імкнуцца да як мага большай напаўняльнасці класаў выхаванцамі.
41 год працы ў Шаркаўшчынскай ДШМ аддаў выкладчык па класу баяна Мечыслаў Эмануілавіч Касцюк. Нарадзіўся на Пастаўшчыне, закончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча, а ў жніўні 1972 года па размеркаванні трапіў на працу ў Шаркаўшчынскую музычную школу. З тае пары ў працоўнай кніжцы гэтага чалавека толькі адзін запіс: “Принят на работу в Шарковщинскую музыкальную школу”. За чатыры дзесяцігоддзі Мечыслаў Эмануілавіч даў пачатковую музычную адукацыю больш чым ста вучням. 30 выхаванцаў у далейшым атрымалі сярэднюю спецыяльную і вышэйшую музычную адукацыю, звязалі сваё жыццё з музыкай.

Шаркаўшчынская зямля стала роднай і для карэннай палачанкі Таццяны Тарасаўны Жалтаносавай — выкладчыка па класу акардэона. Пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Наваполацкім музычным вучылішчы, малады спецыяліст некаторы час працавала на Гродзеншчыне, у Навагрудскім раёне. Па волі лёсу разам з мужам трапіла ў наш гарадскі пасёлак, з лістапада 1981 года і па сённяшні дзень абучае сваіх вучняў майстэрству ігры на акрдэоне ў дзіцячай школе мастацтваў раённага цэнтра.
Як прызналіся ў размове Таццяна Тарасаўна і Мечыслаў Эмануілавіч, галоўнае не тое, што за гады працы і яны, і іх выхаванцы атрымлівалі шматлікія ўзнагароды і прызавыя месцы на музычных конкурсах, а тое, што кожны з дзяцей стаў у будучым дастойным чалавекам, хоць і не ўсе абралі музыку сэнсам свайго далейшага жыцця. Сёння ў Шаркаўшчынскай дзіцячай школе мастацтваў большая частка выкладчыкаў — гэта былыя вучні Таццяны Тарасаўны Жалтаносавай і Мечыслава Эмануілавіча Касцюка. Вялікі гонар за іх ахоплівае педагогаў-ветэранаў школы, людзей, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі пачэснай і высакароднай справе — эстэтычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
