Шаркаўчанін Пётр Кукуць нясе службу ў 357 батальёне 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады сіл спецыяльных аперацый у горадзе Віцебск

Актуальное

Шаркаўчанін Пётр Кукуць закончыў СШ № 2 гарадскога пасёлка. Атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Мінскім дзяржаўным энергетычным каледжы, 15 лістапада 2012 года быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу. Курс маладога байца давялося праходзіць у вайсковай часці пасёлка Печы пад Барысавам. Там паўтара месяца Пётр спасцігаў асноўныя армейскія азы, загартоўваўся маральна і фізічна. Пасля чаго салдат стаў несці службу ў 357 батальёне 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады сіл спецыяльных аперацый у горадзе Віцебск.
Вайсковыя будні складаюцца з заняткаў па паветрана-дэсантнай, баявой, страявой і тактычнай падрыхтоўцы. У мінулым годзе радавы Пётр Кукуць удзельнічаў у святочным парадзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, у абласным цэнтры. У лістападзе 2013 года разам са сваімі саслужыўцамі прыняў удзел у вайсковых вучэннях паблізу горада Асіповічы.
— Наш батальён у той дзень паднялі па трывозе, — кажа Пётр. — Асабовы састаў накіраваўся на грузавых аўтамабілях МАЗ на асіповіцкі ваенны палігон. Прыкладна за суткі, пераадолеўшы шлях даўжынёй каля пяцісот кіламетраў, мы прыбылі на месца дыслакацыі, разбілі лагер. У час правядзення вучэнняў нашай асноўнай задачай, з якой мы справіліся на выдатна, была ахова батальёна сувязі. Вясной сёлетняга года рыхтуемся да ўдзелу ў наступных маштабных вучэннях, але ўжо за межамі нашай краіны. Пройдуць яны на тэрыторыі Казахстана. Упэўнены, што з пастаўленымі вайсковым камандаваннем задачамі, мы і там справімся паспяхова.
На сённяшні дзень ССА (сілы спецыяльных аперацый) з’яўляюцца прыемнікамі былых паветрана-дэсантных войск — эліты Узброеных Сіл краіны. Галоўная функцыя гэтых войск — абарончая. Асабовы састаў ССА ў любы час сутак без хвіліны прамаруджвання можа быць падняты па трывозе і на працягу сутак перадыслацыраваны ў любую кропку нашай краіны з мэтай прадухілення нападу праціўніка, здзяйснення ім тэрарыстычных актаў і г. д.
Радавому Пятру Кукуцю да звальнення ў запас засталося служыць 84 дні. Ён ні разу не пашкадаваў аб тым, што трапіў на службу ў элітныя войскі рэспублікі. А ўсім юнакам, будучым салдатам, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны гвардзеец пажадаў трывалага здароўя, фізічнай загартоўкі, якія спатрэбяцца пры нясенні тэрміновай вайсковай службы.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *