Баль пакаёвых кветак правёў клуб кветкаводаў «Вяснянка»

Актуальное

удзельнікі святочнай дзеі “Баль пакаёвых кветак”

Вялікі дацкі казачнік Х. К. Андэрсан казаў: “Каб жыць, трэба сонца, свабода і маленькая кветка”. Кветкі — гэта жыццё, кветкі — гэта каханне, гэта ўспаміны… Ні адно свята, ні адна ўрачыстасць не абыходзяцца без прыгожых букетаў. Кветкі садзяць у садах, парках, уздоўж дарог і каля жылля. Весялей і ўтульней становіцца ў памяшканні, калі на вокнах цвітуць разнастайныя прыгажуні.
У нашым паўсядзённым жыцці шмат складанасцяў, часам не хапае хвілінкі, каб выказаць свае ўражанні і перадаць вопыт  вырошчвання кветак такім жа аматарам, пагутарыць з тымі, хто захапляецца дызайнам вакол дома, падзяліцца лішкам насення. А вось калі сабрацца разам, то можна знайсці адказы на гэтыя пытанні. Чарговае пасяджэнне клуба кветкаводаў “Вяснянка”,
які дзейнічае пры раённай бібліятэцы, праходзіла не зусім звычайна. Чытальную залу бібліятэкі яе работнікі ўпрыгожылі пакаёвымі квітнеючымі кветкамі. Можна было прачытаць аб метадах іх вырошчвання.
Да аматараў-кветкаводаў завіталі старажытнарымская багіня расліннасці і цвіцення Флора, у вобразе якой выступіла Таццяна Брандзіна, і вясёлая Кветачніца — ёй была Святлана Базарэвіч. Яны пазнаёмілі прысутных з мноствам легенд, пра тое, адкуль з’явілася на зямлі тая ці іншая кветка, чыталі вершы і паданні аб іх.
Затым вядучая мерапрыемства, яна ж кіраўнік клуба “Вяснянка” Таццяна Райчонак, правяла з кветкаводамі віктарыну на прадмет знаўца прыгожай раслінкі па яе апісанні.
У завяршэнні сустрэчы Кветачніца падарыла ўдзельнікам пасяджэння па пакеціку насення кветак, каб кожны пасадзіў іх вясною ў сваім кветніку.
А папоўніць свае веды пра вырошчванне экзатычных раслін гледачы маглі з кніг, прадстаўленых на выстаўцы “Свет пакаёвых кветак — загадкавы і цудоўны”.
Праведзенае свята стала крыніцай пазнання і добрага настрою.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *