Віктар Лаўрыновіч — адзін з вопытных механізатараў ААТ «Агратэхсэрвіс»

Общество Сельское хозяйство

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Агратэхсэрвіс» працуе шмат перадавікоў сельгасвытворчасці. Ёсць яны ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, у галіне механізацыі таксама.

Трактарыст-машыніст гаспадаркі Віктар Лаўрыновіч працуе на зямлі з моманту заканчэння Слабадской сярэдняй школы. Спачатку ў былым калгасе «Шлях Леніна», а потым са зменай месца жыхарства перайшоў у ААТ «Агратэхсэрвіс».

— Вось ужо восьмы сезон працую на энерганасычаным трактары «Кіравец» К-744, — кажа Віктар. — Працы на «сталёвым кані» хапае з ранняй вясны і да позняй восені. Як толькі прыгрэе сакавіцкае сонейка — пачынаю праводзіць культывацыю глебы. Летам займаюся транспартнымі работамі — адвожу правяленую травяністую масу з палёў у сіласныя і сянажныя траншэі. З надыходам восені разам з іншымі механізатарамі вяду ўздым зябліва. Нават калі восенню асноўныя механізатарскія работы спыняюцца, я перасаджваюся за руль пагрузчыка «Амкадор» і займаюся адгрузкай кармоў.

За тэхнікай механізатар сочыць пільна. Прычапныя агрэгаты ў Лаўрыновіча таксама заўсёды ў спраўным стане. Сумленныя адносіны да даручанай справы дазваляюць Віктару займаць лідзіруючыя пазіцыі сярод механізатараў не толькі сваёй гаспадаркі, але і сярод трактарыстаў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Па стане на 22 мая механізатар падрыхтаваў да сяўбы 1431 гектар глебы. Гэта лепшы паказчык у раёне.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.