Прафесійны педагог і любячая маці Ірына Апалька

Актуальное

Ірына Апалька з выхаванцамі старэйшай групы

Педагог, настаўнік, выхавальнік — самая мірная, гуманная, стваральная прафесія на зямлі. У большасці сваё жыццё гэтай працы прысвячаюць жанчыны, якім самой прыродай нададзена функцыя мацярынства, функцыя прадаўжальніка чалавечага роду, апекуна дзяцей і сям’і.
У дзіцячым садзе № 5 гарпасёлка старэйшая група выхаванцаў заўсёды дружна і з ахвотай спяшаецца на заняткі ў гурток цестапластыкі (лепка з салёнага цеста), дзе з імі працуе выхавальнік Ірына Канстанцінаўна Апалька. Такі своеасаблівы накірунак у творчых занятках сярод малышоў вельмі ім даспадобы. А яшчэ ён носіць развіваючую функцыю, бо ў працэсе лепкі і дотыку пальцаў да мяккага цеста хутчэйшымі тэмпамі ідзе развіццё маторыкі рук і гаворкі дзіцяці.
— У гэтым накірунку са сваімі выхаванцамі працую ўжо тры гады, — кажа Ірына Канстанцінаўна. — Цестапластыку мы выкарыстоўваем у працэсе гульні, ў індывідуальнай рабоце з дзецьмі. Іх невялікія творы выстаўляюцца напаказ у нашым дзіцячым садзе, іншых установах адукацыі.
Ірына Канстанцінаўна — выхавальнік з вялікім стажам і вопытам работы. Пасля заканчэння Пінскага педагагічнага вучылішча некаторы час працавала па спецыяльнасці на Міёршчыне, затым у Шаркаўшчынскім раённым Цэнтры дзяцей і моладзі, дзіцячым садзе № 4. І вось ужо чацвёрты год яна выхоўвае маленькіх дзетак у дашкольнай установе мікрараёна меліяратараў гарадскога пасёлка.
Сваім нязменным жыццёвым крэда педагог лічыць любоў да дзяцей і патрабавальнасць да сябе. Яе выхаванцы, нібы родныя дзеці, ласкава называюць Ірыну Канстанцінаўну сваёй другой мамай. Можна ўпэўнена сказаць, што гэта жанчына, якая цалкам прысвяціла сябе выхаванню падрастаючага пакалення, рэалізавалася ў жыцці як прафесійны педагог і як любячая маці, што нарадзіла, выхавала і дала пуцёўку ў жыццё ажно тром сваім дочкам: Кацярыне, Таццяне і Марыне — самым дарагім людзям на свеце.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *