У гаспадарках раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў. Паралельна з ёй праходзіць і ўборачная кампанія.
— Як бы складана не было, усе віды работ трэба весці ў комплексе, — упэўнены дырэктар КУВСП імя Маркава Юрый Жынгель. — Умовы надвор’я не дазваляюць на поўную моц уключыцца ў жніво. Кожны дзень праходзяць дажджы, што адмоўна сказваецца на тэмпах і корманарыхтоўкі, і ўборкі зерневых.
Па стане на 24 ліпеня мы скасілі травы першага ўкосу на плошчы 1192 гектары, заклалі ў траншэі 5667 тон сенажу, зрулонілі 248 тон сена. На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтовалі 11, 4 цэнтнера кармавых адзінак. Работы гэтыя працягваем, бо лепш мець зімой трывалую базу з сенам, сенажом, чым пры іх недастатковай колькасці купляць у іншых рэгіёнах.
— Мінулагодняй восенню мы пасеялі 323 гектары азімага ячменю, — далучылася да гутаркі галоўны аграном гаспадаркі Наталля Мацкевіч. — Жніво пачалі з абмалоту гэтай культуры. Ужо змаглі накіраваць у дзяржаўныя засекі 165 тон. Ураджайнасць азімы ячмень дае нядрэнную — амаль 30 цэнтнераў з гектара. Стараемся выкарыстоўваць кожную пагодную хвіліну, каб не страціць зерне. Паралельна вядзём уборку азімага рапсу. Гэтыя дзве культуры выспяваюць амаль адначасова, таму важна паспець абмалаціць усе ўчасткі палёў у сціслыя агранамічныя тэрміны. Азімы рапс расце на плошчы 355 гектараў. На пачатку ўборкі дае ўраджайнасць 19, 9 цэнтнера на круг. Наогул, рапс вельмі прыбытковая культура, таму з году ў год павялічваем пад яго плошчы.
Асноўны цяжар на жніве, як і ў мінулыя гады, ляжыць на двух камбайнерах. Вітольд Замбжыцкі і Дзмітрый Осіпаў шмат гадоў знаходзяцца за штурваламі «Палессе» КЗС-1218, таму кіраўніцтва гаспадаркі робіць стаўку на гэтых мужчын. Камбайну, на якім працуе Вітольд, ужо 14 гадоў, але механізатар пільна сочыць за тэхнікай, з ранняй вясны пачынае рамонт, ставіць агрэгат на лінейку гатоўнасці адным з першых у раёне. Свайго «сталёвага каня» Дзмітрый атрымаў у пазамінулым годзе, таму нараканняў на работу айчыннай тэхнікі няма.
У хуткім часе выведзе на палеткі свой камбайн Яўген Осіпаў. З нецярпеннем чакаюць у гаспадарцы новую тэхніку. Павінен прыйсці новы «Палессе» КЗС-1218. Наяўнасць большай колькасці камбайнаў дае ўсе шанцы правесці своечасовы абмалот зерневых і рапсу без страт.
Па стане на 24 ліпеня ў сельгаспрадпрыемтсве намалочана 165 тон азімага ячменю і 265 тон азімага рапсу. Сярэдняя ўраджайнасць гэтых культур склала 29, 5 і 19, 9 цэнтнера з гектара адпаведна. На палетках даспяваюць іншыя азімыя культуры — пшаніца і трыцікале. Менавіта з іх абмалоту і пачнецца масавае жніво.
У штатным рэжыме працуе зернесушыльны комплекс у аддзяленні «Рассвет». Прыродны газ, які тут спажываюць, каштуе не танна, але затраты сябе апраўдваюць. Зерне з палёў паступае з павышанай вільготнасцю (22—24 %), таму патрабуе якаснай сушкі. Ідзе рэалізацыя зерня новага ўраджаю ў межах дзяржаўнага заказу.
Цяпер галоўнае для аграрыяў — спрыяльнае надвор’е і работы стан тэхнікі, а шчыра і аддана працаваць тут умеюць.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
