Шаркаўшчынскі раён з рабочай паездкай наведала старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Таццяна Туманава

Общество

Шаркаўшчынскі раён з рабочай паездкай наведала старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Таццяна Туманава.

Спачатку адбылася сустрэча з кіраўніком раёна Сяргеем Кашміла і яго намеснікам Юрыем Васілеўскім. У гутарцы Таццяна Туманава расказала пра работу арганізацыі, пра цеснае ўзаемадзеянне з раённым аддзяленнем ГА «Беларускі фонд міру», якое ўзначальвае Наталля Арэшкава, пра сумесныя мерапрыемствы, што рэалізуюцца ў нашым рэгіёне.

У мастацка-этнаграфічным музеі імя Язэпа Драздовіча Таццяна Туманава сустрэлася з работнікамі культуры аграгарадка Германавічы. Асноўная тэма — «Беларусь суверэнная: ад аднаўлення народнай гаспадаркі да інавацыйных праектаў будучага». Спікер акцэнтавала ўвагу на сучасным этапе развіцця краіны. Яна правяла паралель паміж складанейшым шляхам, які прайшла Беларусь ад аднаўлення народна-гаспадарчага комплексу ў пасляваенныя гады, калі краіна ўзнімалася з руін, да сённяшніх высокаінтэлектуальных тэхналогій. Таццяна Туманава падкрэсліла, што Беларусь не толькі паспяхова аднавіла сваю эканоміку, але і актыўна развіваецца ў навукова-тэхнічнай сферы, дасягае значных поспехаў, у тым ліку ў такіх перадавых абласцях, як асваенне космасу і станаўленне ў якасці ядзернай дзяржавы.

У час сумеснага абмеркавання закранулі пытанні патрыятызму, важнасці зберажэння гістарычнай памяці і ролі кожнага грамадзяніна ў развіцці і ўмацаванні суверэнітэту краіны.

— Такія сустрэчы садзейнічаюць фарміраванню ў працоўных калектывах дакладнага разумення дасягненняў Беларусі і яе стратэгічных мэт, матывіруюць на далейшую плённую работу дзеля дабрабыту раёна, вобласці і краіны, — рэзюмавала Таццяна Туманава.

Работнікі музея прапанавалі аглядную экскурсію па экспазіцыйных залах установы культуры. Таццяна Туманава адзначыла, што Шаркаўшчынскі раён і Германавічы ў прыватнасці валодаюць багатай культурнай спадчынай, вядуць плённую работу па адраджэнні і захаванні сваёй гісторыі, знакамітых землякоў, якія праславілі Беларусь далёка за яе межамі.

Сяргей РАЙЧОНАК.