Шчыра працуе з’яднаная каманда хлебаробаў ААТ«Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

Сяброўскім звяном працуюць на жніве механізатары адкрытага акцыянернага таварыства «Агратэхсэрвіс». У адной камандзе вядуць свае камбайны вопытныя аграрыі мясцовай гаспадаркі.

Сельгаспрадпрыемства мы наведалі суботнім ранкам. Тэхніка знаходзілася за вёскай Гуркі ва ўрочышчы Азэта. Усе механізатары ачышчалі камбайны ад пылу, рэшткаў саломы і мякіны.

— Трэба як след падрыхтаваць тэхніку да пачатку чарговага працоўнага дня, — кажа перадавы камбайнер гаспадаркі Анатоль Грыгаровіч. — Пакуль на жніўных палетках яшчэ трымаецца раса, мы робім тэхнічны агляд сваіх «Палессе» КЗС-1218, каб падчас уборкі не здарыліся няштатныя сітуацыі.

— Сёлетняя ўборачная кампанія праходзіць у экстрымальных умовах, — з адчаем у голасе прамовіў камбайнер Андрэй Корсак. — Працяглыя дажджы зрабілі сваю адмоўную справу — з-за пераўвільготненай глебы камбайны па палетках рухаюцца з цяжкасцю, буксуюць, што адмоўна сказваецца на якасці ўборкі і трываласці механізмаў тэхнікі.

— Для такіх няштатных выпадкаў прадугледжана дзяжурства на палетках энерганасычанага трактара, — тлумачыць дырэктар гаспадаркі Міхаіл Кавалёнак. — Учора ўвесь дзень ішоў дождж, механізатары не мелі магчымасці весці абмалот зерневых. Тым не менш, без справы яны ў такіх выпадках яны не сядзяць. Кожны з камбайнераў пераглядае вузлы і агрэгаты ў сваёй тэхніцы, праводзіць замену патрэбных механізмаў.

На полі, дзе мы знаходзімся, вырас азімы ячмень. Колас даволі буйны, спадзяёмся на нядрэнную ўраджайнасць. З 54-гектарнай плошчы плануем сабраць унушальнай вагі ўраджай. Напярэдадні спускалі ваду з ускрайкаў жніўнага палетка, каб глеба хутчэй падсыхала.

Толькі ў другой палове дня механізатары Андрэй Корсак, Анатоль Грыгаровіч, Сяргей Пальчэх і Мікалай Грыгаровіч на камбайнах выехалі адзін за адным на жніўны палетак. З прабуксоўкамі павольна рухаліся магутныя агрэгаты, каб да апошняга зернейка сабраць вырашчаны ўраджай.

Нягледзячы на тое, што перыядычна ідуць дажджы, побач з камбайнамі прадугледжана наяўнасць дзяжурнага трактара з цыстэрнай вады на выпадак узгарання тэхнікі. Гэта справа даручана выпускніку Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа Андрэю Сакалоўскаму. Вось такой зладжанай камандай працуюць аграрыі гаспадаркі. Працуюць дзеля захавання харчовай бяспекі дзяржавы.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.