
12 красавіка ў нашым гарадскім пасёлку прайшоў рэспубліканскі суботнік. Работнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, вучні навучальных устаноў наводзілі парадак на вуліцах Шаркаўшчыны і сваіх населеных пунктаў, прыбіралі смецце, фарбавалі агароджы. Трэба адзначаць, што ў шмат якіх месцах (напрыклад, каля РДК, раённага цэнтра рамёстваў) рыхтаваліся кветнікі, на якіх у хуткім часе закрасуюць кветкі. А на тэрыторыі Шаркаўшчынскай ЦРБ у межах суботніка быў усталяваны вялізны яблык — сімвал гарадскога пасёлка. Па ініцыятыве старшыні райвыканкама Мікалая Ірынархавіча Баговіча на закінутай пустцы (раней размяшчаўся жылы дом) каля Шаркаўшчынскага РЭС рэсаўцамі было падрыхтавана месца для вішнёвага саду. Пасадкай вішнёвых саджанцаў займаліся вучні Шаркаўшчынскай СШ №2. Работнікі райвыканкама накіраваліся на аб’ект прыдарожнага сэрвісу ў Беляях, тут яны прыбіралі смецце, фарбавалі альтанкі. Асаблівая ўвага была нададзена добраўпарадкаванню мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.














