Сумленны работнік і клапатлівая гаспадыня — Валянціна Недзведзь

Сельское хозяйство

Даглядчыца цялят Валянціна Недзведзь

Штодзень знаёмай сцяжынкай крочыць з вёскі Таўкіні на працу  Валянціна Фёдараўна Недзведзь. Яна даглядае маленькіх цялятак на новым малочнатаварным комплексе Варонка ААТ “Буеўшчына”. Даглядчыца набірае сабе групу цялятак ад кароў, якія  толькі што ацяліліся і гадуе іх практычна месяц, да пераводу ў групу дарошчвання. Цяпер цяляткі ўтрымліваюцца ў спецыяльных клетках — доміках пад павеццю. Умовы працы даглядчыцы намнога лепшыя, чым былі раней, бо тут сучаснае абсталяванне і ўмовы ўтрымання жывёлы. Аднак трэба прыкладваць сваё старанне і намаганне, каб не было паморку і жывёла не хварэла. А такога ў Валянціны Фёдараўны не здараецца, бо, акрамя таго, што своечасова выпайваецца ім малако, выдаткоўваецца авёс, даглядчыца варыць адвары з розных лекавых траў, у клетачках суха і чыста.

У залежнасці ад таго, колькі кароў ацеліцца, такая колькасць цялятак у даглядчыцы і будзе. Бывае 80 і на палову менш. Аднак пры любой колькасці ўсе яны аднолькава дагледжаныя.

Трэба сказаць, што праца Валянціны Фёдараўны практычна ўся звязана з сельскай гаспадаркай. Спачатку рыхтавала абеды для механізатараў, затым перайшла працаваць у жывёлагадоўлю. Да гэтага жанчына займалася адкормам цялушак для ўзнаўлення статка. У яе заўсёды былі добрыя прывагі жывёлы, нездарма перавялі на больш адказны ўчастак работы, бо ўпэўнены былі, што і тут у яе таксама ўсё атрымаецца.

— Цяпер працаваць лягчэй, — прызнаецца Валянціна Фёдараўна. — Ведаю, што акрамя асноўнай работы, спраўлюся і з хатнімі справамі. Хоць даўно засталася ўдавою, але выхавала добрымі, спагадлівымі сына і дачку, якія ўжо маюць свае сем’і і пакінулі бацькоўскі дом.

Па-ранейшаму Валянціна Фёдараўна трымае хатнюю гаспадарку, у тым ліку і карову, лішкі малака здае дзяржаве.

— Агарод апрацаваць, дроў нарыхтаваць дапамагаюць сын, пляменік, побач сёстры жывуць, непадалёку брат. Так што я не адна, — прызнаецца жанчына.

Дом стаіць у прыгожым, цяністым садзе, які вельмі прыгожы вясной у сваім белым уборы. Вакол кветкі. Усюды паспявае гэта старанная жанчына.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *