Свой жыццёвы шлях Славамір Жалудкевіч прысвяціў службе ў органах унутраных спраў. Нарадзіўся ў вёсцы Замошша Браслаўскага раёна. Скончыў сярэднюю школу № 1 горада над блакітнымі азёрамі. Як і большасць юнакоў таго часу, атрымаў працоўную спецыяльнасць — пасля заканчэння Рыжскага СПТВ № 19 стаў мантажнікам-вышыннікам, некаторы час працаваў на Браслаўскім торфабрыкетным заводзе. Далей была тэрміновая служба, падчас праходжання якой Славамір усур’ёз задумаўся над зменай працы. Задуманае ажыццявілася, калі малады мужчына ў 1977 годзе апрануў міліцэйскую форму і стаў супрацоўнікам Браслаўскага РАУС. Завочна набываў профільную адукацыю ў Мінскай школе міліцыі.
Жыццёвы шлях Славаміра Жалудкевіча з 1979 года звязаны з Шаркаўшчынай. У нашым гарадскім пасёлку да выхаду на заслужаны адпачынак у 2001 годзе ён служыў у раённым аддзеле ўнутраных спраў. Апошняя яго пасада — намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі.
Шмат гадоў мужчына працаваў у сістэме раённага спажывецкага таварыства, з’яўляўся дырэктарам рынка гарадскога пасёлка.
З юбілейнай датай Славаміра Жалудкевіча павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі, старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Станіслаў Хашкоўскі і сакратар раённага Савета ветэранаў Маргарыта Баговіч. Па даручэнні кіраўніка раёна Сяргея Кашмілы Юрый Васілеўскі ўручыў юбіляру Падзяку старшыні райвыканкама за ўматгадовую добрасумленную службу, актыўную жыццёвую пазіцыю.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

