Песні для вясковых сейбітаў

Сельское хозяйство

намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Ельня-Агра” У. П. Буда (злева) ўручае пераходны вымпел механізатару І. І. Шышковічу

У даўнія часы ў першы дзень мая ладзіліся ўрачыстасці, каб веснавыя сельскагаспадарчыя работы атрымалі благаславенне багіні ўрадлівасці. Людзі верылі, што калі ў гэты дзень яны будуць спяваць і скакаць, гуляць і весяліцца, ураджай абавязкова будзе багатым, а багіня захавае яго ад усялякіх напасцяў.

Прадаўжаць і захоўваць такія традыцыі вырашылі і работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алёна Сухаверская — метадыст па фальклору, Галіна Сафончык — акампаніятар і салістка Алена Цярпілка, якія па распрацаванай імі праграме выступалі перад працаўнікамі ААТ “Агратэхсэрвіс” і “Ельня-Агра”.

У аддзяленні Светлы шлях на мехдвары Шкунцікі сабраліся тыя, хто непасрэдна працаваў на загрузцы ўдабрэнняў са склада, хто загружаў зерне ў транспарт для адпраўкі ў поле, механізатары, чыя тэхніка патрабавала невялікага рамонту, і іншыя катэгорыі працуючых. Самадзейныя артысткі спявалі для іх песні, гаварылі цёплыя словы, жадалі працоўных поспехаў.

А ў ААТ “Ельня-Агра” раённых артыстаў чакалі прама ў полі. Ва ўрочышчы Нікіцёнка вялася падрыхтоўка глебы і сяўба кукурузы. Да механізатараў прыехаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Буда. Пасля невялікага выступлення артыстаў, Уладзімір Пятровіч уручыў пераможцам працоўнага спаборніцтва Івану Шышковічу і Васілію Красоўскаму пераходныя вымпелы.

Дзень 1 мая застанецца святам для ўсіх, хто ўмее самааддана працаваць і пры гэтым цаніць працу іншых людзей.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *