
Іван Аляксандравіч Грэхаў родам з Яраслаўскай вобласці. У вайну яму давялося абараняць нашу Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Прыбалтыйскім фронце. Там сябрам для яго стаў саслужывец, ураджэнец шаркаўшчынскай зямлі Савелій Андрэевіч Янушкевіч. Малады салдат быў адзінокі, і пасля заканчэння вайны яму не было куды вяртацца, таму згадзіўся паехаць з сябрам. Так для Івана Аляксандравіча Шаркаўшчына стала другой радзімай. Тут ён знайшоў сваё шчасце, выхаваў з жонкай двух сыноў. На жаль, няўмольна бягуць гады. Ветэрану пайшоў ужо 99 год. Адыйшлі ў свет іншы жонка і дзеці. Але стары чалавек не застаўся адзін. Яго апякае адна з нявестак, радуюць унукі.
За ратны подзвіг Іван Аляксандравіч Грэхаў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны (другой ступені), медалём Жукава і васьмі юбілейнымі медалямі.
У мірны час ён працаваў у калгасе. Затым на камбінаце будаўнічых матэрыялаў у райцэнтры. Усюды, дзе б не працаваў Іван Аляксандравіч, атрымліваў цёплыя словы падзякі за старанныя адносіны да сваіх абавязкаў.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.