16 мая на базе Міёрскага РДК прайшоў занальны тур абласнога агляду-конкурсу сярод работнікаў культуры “Клубных спраў майстры”. Удзел у ім прынялі канкурсанты з шасці раёнаў вобласці, у тым ліку і мастацкі кіраўнік Лужкаўскага СДК Ірына Буднік.
Мерапрыемства аказалася досыць яркім і цікавым, бо кожны з удзельнікаў грунтоўна рыхтаваўся да яго. Па ўмовах чатырох конкурсных этапаў трэба было прадставіць не толькі сябе, але яшчэ і ўстанову культуры, у якой працуе кожны з удзельнікаў, свой рэгіён, з яго знакавымі гістарычнымі адметнасцямі, і, канечне, прадэманстраваць майстэрства вакалу, ігру на музычных інструментах і шмат чаго іншага, чым павінен валодаць работнік клубнай установы.
Ірына Буднік у відэапрэзентацыі расказала пра свой шлях у прафесію. Конкурс “Прыязджайце ў госці да нас” быў пабудаваны ў тэатралізаванай форме з выкарыстаннем міфалагічнага вобраза Шарачка, знакамітасцей шаркаўшчынскага краю – Я. Драздовіча, І. Сікоры і нашых сучаснікаў — народных майстроў Сяргея і Анны Рымдзёнкаў. Спевы, танцы, работа з глядацкай аўдыторыяй сталі асновай конкурсаў “Талент маю” і “Майстар імправізацыі”. Тут наша зямлячка з дапамогай групы падтрымкі ажыццявіла тэатралізаваную пастаноўку “Зазеркалье”, а затым у касцюме гарэзлівага клоўна весяліла гледачоў.
Сёлета спаўняецца 75 год абласному цэнтру народнай творчасці — арганізацыі, якая курыруе работу клубных устаноў. Гэтай даце і быў прысвечаны дадатковы конкурс-віншаванне ад кожнага ўдзельніка. Ірына Анатольеўна прыпаднесла дырэктару ўстановы Кацярыне Лабука “Дрэва мудрасці” з замацаванымі на ім чырвонымі яблыкамі – брэндам шаркаўшчынскага рэгіёну. А іх колькасць – 21 сімвалізуюць кожны раён Віцебскай вобласці.
Фінал конкурсу “Клубных спраў майстры” пройдзе восенню, напярэдадні свята Дня работнікаў культуры. На яго і былі запрошаны ўсе шэсць удзельнікаў занальнага тура з выбранымі лепшымі нумарамі праграмы.
Словы ўдзячнасці за праведзеную падрыхтоўку да выступлення Ірына Буднік выказвае Аксане Сініца, Алене Якушавай, работнікам Лужкаўскага СДК, раённага Дома культуры і Цэнтра рамёстваў. Іх метадычныя і практычныя парады аказалі дзейную дапамогу падчас выступлення на міёрскай сцэне.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.