Трагедыя спаленай нямецка-фашысцкімі захопнікамі вёскі Грыблы

Актуальное

Наўрад ці ёсць якія-небудзь гістарычныя звесткі з указаннем хаця б прыблізнай даты першага пісьмовага ўспаміну вёскі Грыблы, якая размяшчаецца ў акружэнні лясоў, на самым ускрайку вялізнага балотнага масіву на памежжы Пастаўскага, Браслаўскага і нашага раёнаў. А вось назва яе паходзіць непасрэдна ад слова “грыбы”, бо гэтага ляснога ласунку ў мясцовых барах заўсёды бывае шмат. Грыблы многія прыезджыя людзі называюць яшчэ “сталіцай журавін”. Восенню, падчас адкрыцця сезона збору гэтай дзікарастучай ягады, у вёску спяшаюцца сотні аматараў паласавацца журавінамі. Адны збіраюць іх для ўласных патрэб, іншыя зарабляюць на гэтым неблагія грошы.

Самі ж вяскоўцы, на жаль, цяпер іх засталося толькі пяць чалавек, спрадвеку жылі сялянскай працай на зямлі, шчыравалі ў калгасе. Зараз мала хто ведае, што ў час Вялікай Айчыннай вайны Грыблы знаходзіліся ў партызанскай зоне. Да восені 1942 года на захадзе Шаркаўшчынскага раёна ў казянскіх лясах дзейнічалі некалькі партызанскіх атрадаў, з цягам часу перафарміраваўшыхся ў брыгады. Адна з дзеючых брыгад насіла назву “Спартак”. У яе саставе бязлітасна змагалася з ворагам і мужчынская палова жыхароў Грыблоў. Партызан падтрымлівала насельніцтва акаляючых вёсак Браслаўскага, Пастаўскага, былога Відзаўскага і нашага раёнаў. Народныя мсціўцы здзяйснялі ўдалыя рэйды па знішчэнні варожых гарнізонаў, іх тэхнікі і людской сілы. Нямецка-фашысцкія захопнікі неаднаразова прадпрымалі спробы па блакіраванні партызан у казянскіх лясах, але практычна безвыніковыя. Тады карнікі ўчынялі расправы над мірнымі жыхарамі лясных вёсак, помсцячы людзям за падтрымку партызан, за дапамогу ім. Вядома, што ў лістападзе 1942 года атрады гітлераўцаў знішчылі разам з жыхарамі вёскі Журавоўшчына, Кушталі, Трабаўшчына і іншыя, якія размяшчаліся на паўночным усходзе казянскіх лясоў. А роўна праз год, восенню 1943 года, карная экспедыцыя чужаземцаў была прадпрынята ў дачыненні жыхароў вёскі Грыблы. Дзякуючы своечасоваму апавяшчэнню мясцовага насельніцтва, людзі хутка пакінулі свае дамы, ратуючыся ў родных і знаёмых ў суседніх населеных пунктах. Тое, што ўбачылі яны вярнуўшыся назад, выклікала страшэнны жах – з сямідзесяці шасці хат не засталося ніводнай цэлай. У полымі згарэлі нават драўляныя зрубы калодзежаў. Для пражывання людзі вымушаны былі капаць зямлянкі.

З прыходам Чырвонай арміі ў ліпені 1944 года партызанскія атрады злучыліся з часцямі рэгулярных войскаў. Нашы землякі ў саставе 1-га Прыбалтыйскага фронту вызвалялі Латвію, Літву, Усходнюю Прусію. Так распарадзіўся лёс, што не ўсім жыхарам Грыблоў пашанцавала вярнуцца з вайны. У цяжкіх баях з гітлераўскімі захопнікамі восенню сорак чацвёртага года дзясяткі ўраджэнцаў партызанскай вёскі навечна ляглі ў зямлю пад латышскім горадам Баўска. Тыя ж, каму пашчасціла застацца ў жывых, пасля перамогі вярнуліся ў родныя мясціны, каб аднаўляць разбураную войной гаспадарку, весці мірны сялянскі ўклад жыцця.

Будучы маленькім хлопчыкам, у васмідзесятых гадах я бачыў з якім гонарам апраналі свае кіцялі з медалямі і ордэнамі ветэраны вайны 9 мая, у самае светлае свята – Дзень Перамогі. Яркі металічны бляск узнагарод франтавікоў пад промнямі веснавога сонца назаўсёды застаўся ў маёй памяці. У той дзень тата кожны год браў мяне з сабою на ўрачысты мітынг у вёску Жукоўшчына да помніка землякам, загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны. Ледзьве бачна праступалі кроплі слёз на вачах ветэранаў і на вачах майго таты, калі вядучы зачытваў спіс геройскі загінуўшых землякоў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сярод салдат, аддаўшых жыццё за мір і свабоду, было і імя яго таты Уладзіміра Восіпавіча– радавога 268-га стралковага палка 1-га Прыбалтыйскага фронту, ураджэнца партызанскай вёскі Грыблы.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *