У выставачнай зале раённага Цэнтра рамёстваў адкрыалася выстаўка творчых работ знакамітых мастакоў Беларусі «У вандроўку за марай»

Актуальное

у час адкрыцця выставы

У часе адкрыцця выставы з намі правёў экскурс член саюза мастакоў Беларусі Віктар Фёдаравіч Крук. Вось што ён расказаў: “Мастакі, якія ўдзельнічалі ў пленэры, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча, загадзя ведалі, што перад імі стаіць вельмі адказная задача. І, як вынік, выстаўка выклікала вялікую цікаўнасць у наведвальнікаў. У экспазіцыю ўвайшлі 43 карціны. Спачатку работы мастакоў былі выстаўлены ў Віцебскім  абласным мастацкім музеі. Затым перасоўная выстаўка пабывала ў Полацку, Лепелі і цяпер вось у Шаркаўшчыне. Наступны шлях яе — Глыбокае.

Трэба сказаць, што працавалі над стварэннем сваіх шэдэўраў мастакі розных узростаў, накірунку і тэхнікі выканання. Ёсць прафесіяналы сталыя і маладыя, як наш зямляк Яўген Ліпскі. Ён хоча быць не такім, як усе, і творы яго сталі адметнымі. Малады мастак з Полацка Іван Іваноў. Інга Карашкевіч з Вехнядзвінска. Алесь Саўчанка закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта, працягвае рэалістычны накірунак у жывапісу. Яго бацька Аляксандр Саўчанка выставіў пяць работ, якія адрозніваюцца па почырку напісання. Пастэль — трывалы матэрыял Часлава Шамшура — прафесара, выкладчыка Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Яго творы валодаюць станоўчай энергетыкай.

Творы Алеся Марачкіна — высокага ўзроўню. Ён пачынаў працаваць з Арсенам Лісам, які ўказаў яму шлях, пройдзены  Язэпам Драздовічам. Працуе мастак у розных стылях. Твор Анатоля Ізаіткі набыла Трацякоўская галерэя. Ужо гэта гаворыць аб яго высокім мастацкім узроўні. Святлана Баранкоўская — старшыня абласнога аддзялення саюза мастакоў Беларусі. Яна займаецца габеленам, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і жывапісам таксама. Уладзімір Вальноў з Віцебска, які закончыў Харкаўскую акадэмію мастацтваў, праяўляе сваю адметнасць у творах.

Аляксандр Шыёнак прадставіў на выстаўку пяць работ. Ён не адступае ад свайго стылю — рэалізму.

Той, хто хоча звязаць сваё жыццё з мастацвам малявання, абавязкова павінен наведаць гэтую выстаўку, любы жадаючы можа прыйсці і адвесці сваю душу ў куточку творчасці і ўяўляць, як над сваімі карцінамі працавалі творчыя, таленавітыя людзі.”

Віктар Фёдаравіч  не сказаў аб тым, што па гэтай выстаўцы ім прадстаўлены толькі адна карціна-партрэт. Астатнія яго работы цяпер знаходзяцца ў Віцебскім абласным музеі мастацтваў на чарговай персанальнай выстаўцы.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *