
З-за праблем у кормавытворчасці малочная галіна большасці гаспадарак у час стойлавага перыяду паступова здавала пазіцыі. І толькі з выхадам дойнага статка на пашу сельгаспрадпрыемствы змаглі прыпыніць падзенне прадукцыі.
Дарэчы, сёлетняй вясной кароў на пашу выгналі амаль на месяц раней папярэдняга года. Ранняя вясна, цяпло і дажджы, своечасовая падкормка пашы — усё гэта садзейнічала таму, што трава стала хутка адрастаць. Менавіта такія спрыяльныя ўмовы склаліся і для дойнага статка фермы Пялікі ААТ “Даватарскі”. Сустракаемся з работнікамі фермы на пашы ў час абедзеннай дойкі. Пры дапамозе трактара прывёў у дзеянне даільную ўстаноўку перадавы механізатар гаспадаркі Юрый Ардынскі. Другі механізатар падвёз ваду жывёле ў чаны. Каровы ахвотна, адна за адной заходзілі ў дойкі, бо іх прывабліваюць кармавыя дабаўкі, якія выдаткоўваюцца ў выглядзе камбікорму. У статку амаль 200 кароў, з іх 114 — дойных, астатнія ў запуску. Кожная з даярак ведае, якую з кароў трэба падаіць тры разы ў суткі.
Даяркі Іна Самуль, Наталля Парпуціс, Таццяна Каленцьева, Надзея Бялова напаўнялі бітоны пеністым сырадоем. Кожная з даярак карыстаецца выхадным днём —

падменнай працуе Наталля Парпуціс, якая ў гэты дзень давала адпачынак Таццяне Рудак. Сочаць за парадкам, вядуць улік атрыманай прадукцыі, вырашаюць свае прафесійныя задачы заатэхнік-селекцыянер Алёна Фурса, тэхнік-асемянатар Алена Іллюковіч і загадчыца фермы Галіна Кабак.
Завяршылася абедзенная дойка. Пад’ехаў малакавоз, забраў атрыманую прадукцыю для ахалоджвання ў халадзільнікі, што знаходзяцца на ферме.
Размаўляем з загадчыцай фермы Галінай Іосіфаўнай Кабак.
— Як выгналі кароў на пашу, адразу сталі расці паказчыкі. Травастой багаты, таму добра паядаецца. Там, дзе прайшоў гурт, падкос не патрэбен — барануецца поле і падкармліваецца азотнымі тукамі для паўторнага страўлівання, — расказвае яна. — З нашай фермы гурт кароў пасвіцца і ў Пятровічах. Мяркуем утрымліваць на пашы яшчэ 185 цялушак.
Цікавімся вынікамі працоўнага спаборніцтва ў эканаміста гаспадаркі Вольгі Долгай:
— Жывёла выйшла на пашу ў красавіку. Вось толькі за той месяц перадавая даярка Таццяна Рудак надаіла на карову па 510 кілаграмаў. А спачатку года яна атрымала 20 тон малака і на карову — па 1828 кілаграмаў. Другое месца ў спаборніцтве трымае Іна Самуль. У яе адпаведна 485 кілаграмаў, каля 20 тон і 1684 — на карову.
Час вялікага малака працягваецца. Трэба выкарыстаць усе магчымасці, каб мець прадукцыю.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
