Свята Купалле на нашай зямлі адзначалася яшчэ ў даўнія часы, калі тут да хрысціянства панавала язычніцкая вера. І хоць з вялікімі пераўтварэннямі, але яно і зараз паўсюдна захавалася сярод усходнеславянскіх народаў. У нас, на Беларусі, гэта свята праходзіць асабліва запамінальна: спяваюць старадаўнія песні, водзяць карагоды, варожаць на зёлках, паляць вогнішча і, канечне ж, шукаюць магічную папараць-кветку.
Як і кожны год запар, на беразе маляўнічай ракі Мнюты ў Лужках аматары даўніх традыцый народнага календара сёлета адсвяткавалі Купалле. У пачатку ўрачыстасці дзяўчынкі, праспяваўшы песні, спусцілі па рачной вадзе вяночкі, а затым запрасілі да купальскага вогнішча. Гледачы, а іх сабралася досыць вялікая колькасць, з цікавасцю сачылі за тэатралізаваным канцэртам, падрыхтаваным для іх мясцовымі работнікамі культуры. Гучала мноства песень, усе жадаючыя кружыліся ў танцах, падпявалі артыстам. Але найбольш мясцовая публіка ўспрыняла гульнёвую праграму, якую правялі для гледачоў работнікі і ўдзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці Германавіцкага цэнтра культуры і народных традыцый. Жартамі, песнямі, прыпеўкамі і загадкамі яны дарылі бадзёры настрой кожнаму, хто ў той вечар прыйшоў на свята. Некаторыя ўдзельнікі гульнёвай праграмы атрымалі нават каштоўныя падарункі і выдатную магчымасць выканаць песні разам з самадзейнымі артыстамі на сцэне.
Да патрэб адпачываючых побач працавалі гандлёвыя рады райспажыўтаварыства, дзе можна было набыць салодкія пачастункі, прахаладжальныя напіткі і шматлікія сувеніры як для дзяцей, так і для дарослых.
Напрыканцы мерапрыемства культработнікі Лужкаўскага СДК правялі для адпачываючых дыскатэку з гульнямі і конкурсамі, дорачы кожнаму вясёлыя і радасныя хвіліны купальскага свята.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.