
Нарэшце наступіла сапраўднае лета. Сонечныя промні праграваюць і прасушваюць накошаную траву. Корманарыхтоўшчыкі імкнуцца выкарыстаць магчымасць, каб папоўніць запасы, у першую чаргу, сена і закласці больш сенажу з траў другога ўкосу.
Адначасова паспявае на палях азімы рапс, якога давядзецца ўбраць па раёне з плошчы 343 гектары. Перазімавалі пэўныя плошчы ў ААТ “Даватарскі”, “Княж”, “Жвіранка”, КУВСП імя Маркава, “Гарадзец” і іншых, паспявае нядрэнны ўраджай.
Менавіта на рапсавае поле ў першую чаргу выведуць уборачную тэхніку механізатары. Нягледзячы на вялікую занятасць механізатараў на нарыхтоўцы кармоў, усё ж камбайнеры знаходзілі вольную ад асноўнага занятку хвіліну, як правіла ў час непагадзі, каб адрамантаваць камбайны. Пра пастаноўку тэхнікі на лінейку гатоўнасці ў гаспадарках раёна паведаміў намеснік начальніка райсельгасхарчу па механізацыі А. І. Сулікоўскі:
— Камісійна прайшла праверка гатоўнасці камбайнаў ва ўсіх гаспадарках раёна. Лепш за іншых тэхніку падрыхтавалі ў КУВСП “Гарадзец”. У гаспадарцы налічваецца 15 камбайнаў. У рабоце на жніўным полі будуць задзейнічаны 13. З іх 9 адзінак адрамантаваны — хоць сёння ў поле. Стаяць яны з падчэпленымі жняяркамі і ўсімі механізмамі да іх. На ўсіх камбайнах ёсць вёдры, лапаты, кашма, вогнетушыцелі, аптэчкі, каністры з вадой.
Тры камбайны будуць задзейнічаны на ўборцы рапсу, таму абсталяваны рапсавымі сталамі. Працаваць на іх будуць Аляксандр Морхат, Мікалай Абрамчык і Юрый Леановіч.
Адзін камбайн прадназначаны для ўборкі траў. Да яго прымайстраваны сцеблапад’ёмнік.
Як заўсёды, з вялікай адказнасцю рыхтуюцца да ўборачнай кампаніі механізатары ААТ “Даватарскі”. Там шэсць камбайнаў падрыхтаваны, застаецца начапіць жняяркі.
У ААТ “Юдыцына” убіраць збажыну будуць чатыры камбайны і тры ўжо зняты з захоўвання.
І ўсе астатнія гаспадаркі, па магчымасці, рыхтуюцца да не менш важнай, як корманарыхтоўка, кампаніі па ўборцы збажыны.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.