
Працягваецца час вялікага малака. Гаспадаркі імкнуцца выдзеліць для пасьбы дойнага статка ўчасткі з багатым травастоем. Такой тэндэнцыі прытрымліваюцца і ў ААТ “Васюкі”.
Напэўна, аднымі з першых у раёне васюкоўцы пачалі касіць люцэрну на сянаж. І ўжо да гэтага часу атава на ўчастку адрасла, і там пасвяцца каровы. Люцэрну называюць “цар-травою” за яе пажыўнасць. Гэта кармавая культура цэніцца не толькі вялікай наяўнасцю бялку, але і збалансаванасцю іншых элементаў, і па амінакіслотнаму саставу. Можа, таму добрае паяданне травы на пашы і высокія надоі малака. Да таго ж, на выдзеленыя загоны падвезена бочка з вадою. Пастух забяспечвае жывёлу соллю, якую падкладвае ў прыстасаваную для гэтага скрынку. Трава цалкам страўліваецца, і пастух Атэс Віліеў адводзіць для кароў усё новыя ўчасткі. Даглядае ён статак толькі трэці год, да гэтага працаваў шафёрам на малакавозе. Машына з’ездзіла свой рэсурс, і Віліеў памяняў прафесію — стаў пасвіць кароў. Яму на змену праз суткі прыходзіць Аляксандр Пронічкін.
Была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з жывёлаводам.
Пры размове з Атэсам стала вядома, што лёс прывёў яго ў нашу краіну для ўнутранага супакаення. Лічыць, што ў Беларусі станоўча дзейнічае на яго жывая прырода, свежае паветра, добрыя людзі, любімая сям’я. Дарэчы, дачка Каця нарадзілася тут, у Беларусі. Закончыла Аршанскі медыцынскі каледж і будзе працаваць у Полацку. Старэйшая — жыве ў Шаркаўшчыне. Яна нарадзіла Віліевым чацвёра ўнукаў.
Атэс Віліеў знайшоў агульную мову з суседзямі. Ён ужо добра размаўляе па-руску, нават час ад часу ў яго гаворцы праскокваюць словы з мясцовага дыялекту.
Цікавасць да ўкладу жыцця мясцовых людзей у перасяленца з Азербайджана не патухае. Яму падабаецца прырода, ціхае, спакойнае жыццё, добрыя і спагадлівыя людзі, справа, якой ён займаецца.
Жыве Атэс з сям’ёю ў вёсцы Мельніца, дзе таксама ёсць перасяленцы з яго мясцовасці.
…Каровы з’елі адведзеную ім колькасць травы, пастух ужо загадзя выгарадзіў новы ўчастак і перагнаў туды жывёлу на багатую пажыўнымі рэчывамі бабовую культуру — люцэрну. Вячэрняя дойка пакажа, якія надоі атрымалі даяркі. Зарплата не толькі іх, а і пастуха залежыць ад атрыманай прадукцыі.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
