Працаўнікі сяла: малады механізатар ААТ «Буеўшчына» Аляксандр Алексяёнак

Сельское хозяйство

Каля мехмайстэрні ААТ “Буеўшчына” аддзялення Іёды сярод сталых механізатараў заўважылі і маладых хлопцаў. Адзін з іх —  Аляксандр Алексяёнак. Вельмі лёгка было размаўляць з прыемным і сціплым чалавекам. Аляксандр расказаў аб сваёй працоўнай біяграфіі, якая пачынаецца менавіта ў гэтай гаспадарцы.

Хлопец пасля школы закончыў Глыбоцкі прафесійна — тэхнічны ліцэй. Праходзіў практыку ў роднай гаспадарцы . Кіраўніцтва аднеслася да маладога механізатара з вялікім разуменнем. Даверылі яму трактар. Аднак пасля заканчэння навучальнай установы Аляксандру давялося папрацаваць толькі пару месяцаў. Настаў час службы ў арміі. Служыў у Полацку ва ўнутраных войсках. Яго маці Іна Міхайлаўна працуе памочнікам выхавальніка ў Іёдскай ДС—СШ, а бацька Дзмітрый Уладзіміравіч — жывёлавод. У Аляксандра ёсць малодшая сястра Марына, якая пойдзе ў 11 клас. Вось такой дружнай сям’ёй жывуць Алексяёнкі ў вёсцы Іёды, у доме, які выдзеліла гаспадарка.

У сельгаспрадпрыемстве Аляксандру даручылі трактар МТЗ-82. Дарэчы, малады механізатар вярнуўся з арміі толькі гэтай зімою, аднак паспеў папрацаваць: уносіў у глебу мінеральныя ўдабрэнні, падвозіў насенне, вазіў сена і сянаж. Наперадзе жніво, і механізатар яшчэ не ведае, якія работы яму даручаць выконваць, але адно разумее — калі  будзе спраўным трактар, то любая работа стане пад сілу. Таму цяпер ён займаецца рамонтам сваёй тэхнікі.

Прызнаўся Аляксандр, што цікава праводзіць вольны час. Моладзь збіраецца ў Доме культуры аграгарадка не толькі на танцы, але і на розныя іншыя мерапрыемствы, якія праводзяць мясцовыя культработнікі.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *