Жоўтыя хвалі збажыны, нібы мора, гойдаюцца на сонцы. Надышоў час убіраць вырашчанае і напаўняць засекі зернем новага ўраджаю. Пачатак уборкі — гэта своеасаблівае свята — зажынкі. Хаця няма адназначных дадзеных, якія б расказвалі аб вытоках свята, усё ж існуюць версіі правядзення аднаго са старажытных земляробчых свят. Згодна з адной, зажынкі святкаваліся ў дзень Пракопія Жніўніка, 21 ліпеня. Па іншай версіі, свята праводзілася, каб ушанаваць памяць свяшчэннамучаніка Афінагена, 29 ліпеня. Зажынкі прымяркоўваюцца да пачатку ўборачнай кампаніі. Лічылася, што дзякуючы святочным абрадам, ніва становіцца ўрадлівай, а каласкі паспяваюць і робяцца больш важкімі. А ў нашым раёне такое важнае мерапрыемства адбылося 24 ліпеня.
Раённыя “Зажынкі” праводзіліся на пшанічным полі ААТ “Ельня-Агра”. Гэта адна з гаспадарак раёна, якая паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі, на палях якой даспявае багаты ўраджай збажыны, бо вырошчвалі культуры, захоўваючы ўсе патрабаванні тэхналогіі. І яшчэ, камбайнеры сельгаспрадпрыемства адзіныя ў раёне, якія вывелі на жніўнае поле ўсе пяць наяўных камбайнаў, наладзілі іх так, што страты будуць найменшымі. У гэтым пераканаліся раённыя тэхнолагі палёў, калі правялі праверку на герметычнасць камбайнаў.
У вызначаны час выстраілі ў адзін рад свае машыны камбайнеры, побач чакалі збожжа аўтамашыны. З узнёслым настроем каля тэхнікі стаялі іх уладальнікі і чакалі гасцей.
На такую ўрачыстасць былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя аграномы і інжынеры гаспадарак раёна, спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу.
Жніўнымі песнямі сустрэлі прысутных удзельнікі мастацкай самадзейнасці РЦК і прыпаднеслі свежы каравай.
Затым усіх прывітаў народны калектыў “Купалінка” з Каўшэлеўскага Дома фальклору. Яны спявалі жніўныя песні і сярпамі зажыналі першы сноп. Упрыгожылі яго каляровымі стужкамі і ўручылі старшыні райвыканкама Мікалаю Ірынархавічу Баговічу. Той, у сваю чаргу, павіншаваў хлебаробаў з пачаткам важнай сельскагаспадарчай кампаніі і пажадаў працоўнага натхнення, добрага надвор’я і высокіх намалотаў усім тым, хто нясе адказнасць за лёс вырашчанага ўраджаю.
Затым настаяцель Шаркаўшчынскай Свята-Успенскай царквы Васілій Стрыжнёў прачытаў малітву, акрапіў усіх прысутных святой вадою і пажадаў божага благаславення, добрага здароўя і плёну ў рабоце хлебаробам. Святая вада нібыта надала сілы і ўзняла настрой у прысутных. Сімвалічна, што якраз у гэты час моцна грэла сонейка, каб прасушыць збажыну ў калоссях.
Пасля ўрачыстасці пачалася тэарэтычная частка. Начальнік упраўлення райсельгасхарчу Дзмітрый Міхайлавіч Ламака яшчэ раз нагадаў пра задачы, якія стаяць перад удзельнікамі жніва. Яго дапоўніла Ірына Генадзьеўна Міхалёнак. Галоўнае, якасная ўборка з найменшымі стратамі, — гаварылі спецыялісты. Аб тым, як праведзена герметызацыя камбайнаў, што трэба рабіць, каб не было страт зерня пры абмалоце, расказаў і паказаў на практыцы Іван Іосіфавіч Ставінскі — дырэктар цэнтра падрыхтоўкі кадраў упраўлення райсельгасхарчу.
Застракаталі камбайны, жняяркі сталі захопліваць спелае калоссе. Пачалася звычайная для камбайнераў работа. Пачатак уборачнай кампаніі ў раёне пакладзены.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
Фота Кацярыны СОСНА.
[nggallery id=54]

