З кожным днём на палях мяняе свой колер збажына. Ярка жоўтае, наліўное, цяжкае калоссе хіліцца долу. Хутка застракочуць на палях камбайны. Больш падрабязна аб тым, як мяркуецца правесці важную сельскагаспадарчую кампанію — уборку ўраджаю, мы папрасілі расказаць намесніка начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству Ірыну Генадзьеўну Міхалёнак.
— Ірына Генадзьеўна, якая па ліку будзе для вас ужо гэта ўборачная кампанія?
— Маладой дзяўчынай пасля заканчэння тэхнікума (затым была завочная вучоба ў сельгасакадэміі) прыйшла працаваць аграномам у “Сельгастэхніку” на базу па размеркаванні ўдабрэнняў, затым была пасада галоўнага тэхнолага палёў калгаса “1-е Мая”, імя Фрунзе. І ўжо 14 гадоў узначальваю раслінаводчую галіну ўпраўлення райсельгасхарчу. А ўвогуле, у сельскай гаспадарцы працую 36-ы год.
— За такі прамежак часу вы набылі вялікі вопыт работы. Азірнёмся назад, прыгадаем адметныя гады, калі была такая ўраджайнасць зерневых культур, што, як кажуць, засекі ламіліся ад збожжа?
— Год на год не прыходзіцца. Былі гады, калі атрымлівалі больш як па 30 цэнтнераў на круг. А памятаецца год, калі ў калгасе “1-е Мая” атрымалі толькі 14 цэнтнераў збажыны з гектара. Гэта ж вытворчасць пад адкрытым небам. Акрамя чалавечага фактара, часта надвор’е адмоўна дзейнічае на ўраджай на тым ці іншым этапе развіцця культур.
— Вырашчаны нядрэнны ўраджай зерневых культур. Якая задача стаіць сёлета перад удзельнікамі жніва?
— Трэба ўбраць зерневыя з плошчы 16 700 гектараў. З іх пшаніцы — 4575, трыцікале — 1404 і 432 — жыта.
— За азімымі даспяваюць і яравыя культуры?
— Тут ужо ідзе няспынны працэс. Пад яравымі зерневымі 10276 гектараў. З іх самыя большыя плошчы пад ячменем — 4170 гектараў, 3077 — яравой пшаніцы, 10 — грэчкі. Нядрэнны расце яравы рапс, які яшчэ ў фазе цвіцення. Ён размешчаны на плошчы 2226 гектараў.
— Як звычайна, першым убіраецца азімы рапс. Які яго стан?
— У нас сёлета яго мала — толькі 343 гектары, гэта тыя плошчы, якія добра перазімавалі. Найбольш — 149 гектараў — у ААТ “Жвіранка”. Дарэчы, тут спрабавалі ўжо ўбіраць яго. Абкатку камбайны пройдуць у ААТ “Даватарскі”, “Княж”, “Буеўшчына”, КУВСП “Гарадзец” і імя Маркава, дзе на нязначных плошчах даспявае гэта культура.
— Камбайны затым пачнуць убіраць збожжавыя? І на якія найперш участкі выйдзе ўборачная тэхніка?
— Канечне ж, у першую чаргу будуць убірацца, так скажам, горшыя участкі даспелай збажыны.
— Найбольшая ўвага будзе надавацца насенным участкам?
— Абавязкова. Насенныя пасевы, а іх па раёне больш, як дзве тысячы гектараў, убіраць будзем пры аптымальнай вільготнасці і поўнай спеласці збажыны.
— А колькі будзе працаваць камбайнаў на ўборцы вырашчанага ўраджаю і аўтамашын на адвозцы намалочанага?
— У рабоце на жніўным полі будзе задзейнічаны 81 камбайн. Нагрузка на адну адзінку складзе 206 гектараў. У дастатковай колькасці мяркуецца выдзеліць аўтамашын на адвозку намалочанага зерня. Словам, камбайны прастойваць не будуць.
— А якая іх гатоўнасць на сённяшні дзень?
— Спраўнасць складае 90 працэнтаў. Найбольшыя цяжкасці з падрыхтоўкай камбайнаў у ААТ “Жвіранка”.
— Зразумела, як заўсёды камбайны будуць працаваць ад цямна да цямна, словам, у часы, калі не будзе перашкаджаць раса. Якія работнікам уборачнай кампаніі будуць створаны ўмовы працы і як яны будуць заахвочвацца?
— Уборка, як і нарыхтоўка кармоў, гэта асноўны заробак нашых сельгасвытворцаў. Таму кожны будзе старацца зрабіць як мага больш і без затрымак, а мы будзем сачыць за якасцю праводзімых работ. У кожнай гаспадарцы для ўдзельнікаў жніва прадугледжана двухразовае харчаванне ў полі за сімвалічную аплату, а асноўную бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства, у якім яны працуюць. З абедамі будуць прывозіць лісток працоўнага спаборніцтва, дзе кожны можа бачыць свой дзённы заробак, выпрацоўку і месца ў спаборніцтве.
— Цяпер прыгадаем сушыльную гаспадарку. Ці ўсім ёсць дзе дасушваць і захоўваць збожжа ў выпадку непагадзі?
— Работнікамі раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін праведзена праверка гатоўнасці складоў і ўсіх памяшканняў, якія будуць задзейнічаны для прыёмкі новага ўраджаю. Заўвагі і недахопы ліквідуюцца.
— У першую чаргу, намалотам гаспадаркі будуць разлічвацца з дзяржавай?
— З сельгаспрадпрыемстваў раёна трэба адправіць дзяржаве восем тысяч тон збожжа. А тое, што застанецца, гаспадаркі ўжо будуць размяркоўваць самі.
— Ірына Генадзьеўна, вы разам з тэхнолагамі палёў раёна вызначылі біялагічную ўраджайнасць асноўных збожжавых культур? Маеце ўяўленне, які ўраджай даспявае на палях?
— Так, вызначылі. Яна складзе ў цэлым па раёне 24 цэнтнеры з гектара. Будуць гаспадаркі, якія пераўзыйдуць гэты рубеж.
Жніво — гэта вянец працы сельскага сейбіта на працягу ўсяго сельскагаспадарчага года. Хай ён будзе самы ўдалы!
— Дзякуй за размову.
Гутарыла Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
