Жыве ў аграгарадку Радзюкі неардынарны чалавек — былы галоўны аграном саўгаса імя Маркава Васілій Георгіевіч Чорны, які цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ён — адзін з той кагорты вясковай інтэлігенцыі, якая займае актыўную жыццёвую пазіцыю, мае шырокі кругагляд, свае захапленні і інтарэсы, з’яўляецца ініцыятарам многіх добрых спраў і прымае непасрэдны ўдзел у іх ажыццяўленні. Так, дзякуючы яго намаганням адна з вуліц аграгарадка, якая забудоўвалася ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, перайменавана ў вуліцу А. А. Баговіча, тым самым увекавечана імя былога дырэктара саўгаса імя Маркава.
Зусім нядаўна Васілій Георгіевіч стаў ініцыятарам узвядзення праваслаўнага крыжа (каталіцкі ёсць у цэнтры вёскі). Ён збіраў для гэтага грашовыя сродкі, якія ахвяравалі вяскоўцы. Фінансавую дапамогу ў задумцы бацькі аказалі і сыны Васілія Георгіевіча, адзін з якіх жыве ў Германіі, другі — у Маскве.У выніку крыж быў зроблены з карэльскага граніту майстрамі з Віцебска. Значны ўклад у гэту справу ўнёс і таленавіты майстар —настаўнік Радзюкоўскай базавай школы Яўген Іванавіч Арэх.
Васілій Георгіевіч быў і застаецца актыўным удзельнікам розных грамадскіх і культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў аграгарадку. Ён шмат чытае, добра ведае рускую класічную літаратуру і мае вялікую асабістую бібліятэку, захапляецца музыкай і ў вольны ад хатніх спраў час (на падворку шмат жыўнасці) слухае музыку Моцарта, Бетховена, Шапэна, Чайкоўскага, бо фанатэка ў яго таксама багатая. Ён вельмі цікавы суразмоўца і ахвотна дзеліцца ўспамінамі з свайго вялікага жыццёвага вопыту з моладдзю, вучнямі мясцовай школы.
У жыцці Васілія Чорнага складвалася ўсё так, як, здаецца, і павінна было быць: пабудаваў вялікі, прыгожы дом, пасадзіў мноства дрэў каля яго, у сям’і выхаваліся дачка і двое сыноў. І ўжо ў сталым ўзросце набыў пачэсную, ганаровую, спрадвечную прафесію — тэхнолага палёў. Ён завочна скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. З 1973 па 2000 гады працаваў галоўным аграномам роднай гаспадаркі. У 1976 годзе за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі быў узнагароджаны медалём “За трудовое отличие”, а яшчэ праз год — Бронзавым медалём і наручным гадзіннікам “Слава” на ВДНГ у Маскве. У той год саўгас дасягнуў ураджайнасці збожжавых культур па 35 цэнтнераў з гектара і льновалакна — 8 цэнтнераў на круг. Тады і дырэктар гаспадаркі А. А. Баговіч атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Васілій Георгіевіч, прачытаўшы апублікаваныя ў раённай газеце “Кліч Радзімы”, нататкі Людмілы Ардынскай, якая правяла даследчыя работы і даведалася пра заснавальнікаў вёскі Радзюкі, зацікавіўся родам Бароўскіх. Найбольш блізкім яму аказаўся Севярын Бароўскі, былы адмірал флоту Расійскай імперыі, які памёр і пахаваны ў Новым Пагосце, што на Міёршчыне. В. Чорны нават з’ездзіў на могілкі, каб пераканацца ў пачутым.Такі інтарэс невыпадковы.
Васілій Чорны нарадзіўся ў невялікай вёсцы Бардзянцы нашага раёна. Ён расказвае, што калі пайшоў у школу і навучыўся чытаць, захапілі кніжкі пра смелых і мужных маракоў, пра моры і акіяны, абрысы якіх мог бачыць толькі на вучнёўскіх картах. Вырашыў, што стане мараком, і гэта дзіцячая мара здзейснілася. З літаратуры даведаўся, што ёсць Беламорска-Балтыйскі канал і падаўся ў тыя мясціны. Праўда, бацькі былі супраць, але настойлівасць юнака перамагла. Там пашчасціла ўладкавацца матросам на буксірны параход “Іжорац-27”. Праз год паступіў у мараходнае вучылішча, атрымаў прафесію штурмана. Па накіраванні працаваў у паўночных партах Архангельска. Плаваў на мараходных суднах па водах Баранцава, Каракумскага і іншых мораў. Давялося адчуць іх суровасць, прабівацца праз ільды і зведаць штормы. Але ўсё роўна мора з кожным днём захапляла. Аднак з-за праблем са здароўем Васілію давялося звольніцца з флоту, і ён вярнуўся на радзіму. Пачаў займацца зямной справай — вырошчваць хлеб.
— Толькі мора для мяне ўсё роўна застаецца морам, — прызнаецца ён. — Па-ранейшаму чытаю кнігі, гляджу кінафільмы пра марскія далі, пра маракоў. Часам гляджу на бяскрайняе жытнёвае поле, а тады заплюшчу вочы і, здаецца, што гэта наперадзе мора хвалюецца.
Цяпер усцешыла тое, што нашы землякі — радзюкоўцы Гжэгаж і Севярын Бароўскія служылі ў Ваенна-марскім флоце Расійскай імперыі. Першы быў па званні — палкоўнік, другі — адмірал. Апошні ўдзельнічаў у баях падчас руска-японскай вайны пад Цусімай, не даў японцам авалодаць браняносцам “Сысой Вялікі”. Дарэчы, унук Гжэгажа таксама меў званне афіцэра флоту, ён жыў у Польшчы. Радзюкоўцам трэба ганарыцца сваімі знакамітымі землякамі і ўвекавечыць іх памяць. Перш за ўсё захаваць векапомны дуб і млын тых далёкіх часоў. Гэта пытанне найбольш хвалюе Васілія Георгіевіча апошнім часам. А можа і памятны знак трэба паставіць у вёсцы, што пачынальнікамі яе былі такія людзі, як род Бароўскіх.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА.
Фота Андрэя Бурца
