Сваё прафесійнае свята ўрачыста адзначылі шаркаўшчынскія будаўнікі

Актуальное

М. Г. Ясюкевіч (справа) уручае Ганаровую грамату райвыканкама Валерыю Тадасіеву

Напярэдадні прафесійнага свята, Дня будаўніка, у раённым цэнтры культуры прайшла ўрачыстасць, прысвечаная гэтай даце. Глядзельную залу ўстановы культуры запоўнілі спецыялісты і рабочыя Шаркаўшчынскай перасоўнай механізаванай калоны № 68.

Шмат цёплых слоў віншавання і водгукаў аб станоўчай рабоце працоўнага калектыву прагучала ад дырэктара арганізацыі А. Ф. Хліманкова. Анатолій Фёдаравіч падкрэсліў, што вопыт і высокі прафесіяналізм будаўнікоў даўно заслужылі павагу насельніцтва не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці і ў рэспубліцы. Сіламі ПМК — 68 будуюцца жылыя дамы, малочнатаварныя комплексы і вытворчыя аб’екты ў Браславе, Верхнядзвінскім раёне, на Глыбоччыне, у абласным цэнтры і ў Мінску. У хуткім часе шаркаўшчынскія будаўнікі пачнуць узводзіць у гарадскім пасёлку жылы дом для сям’і, дзе будуць выхоўвацца дзеці-сіроты. У Лепелі шаркаўчане займуцца будаўніцтвам шматкватэрнага дома.

Намеснік старшыні райвыканкама М. Г. Ясюкевіч уручыў Ганаровыя граматы Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта за высокія працоўныя паказчыкі брыгадзіру комплекснай брыгады Валерыю Тадасіеву, тынкоўшчыку 5-га разраду Дзянісу Язёнку і вадзіцелю Івану Дубчонку.

Прысутнічаў на ўрачыстаці і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса Г. П. Буйка, які ўзнагародзіў Ганаровай граматай абласнога камітэта прафсаюза вадзіцеля пагрузчыка Вячаслава Каштальяна. Падзякай абласнога камітэта прафсаюза адзначана таксама тынкоўшчык 4-га разраду Раіса Валяўка.

Г.П.Буйка (злева) віншуе Вячаслава Каштальяна

Заслужаныя ўзнагароды ад трэста “Полацксельбуд” за сумленную працу і ў сувязі з прафесійным святам атрымалі майстар будаўніча-мантажных работ Юлія Казарына, брыгадзіры муляроў Сяргей Собаль і Уладзімір Цітовіч, муляр Дзяніс Хаданёнак, трактарыст Анатолій Чарняўскі (на здымку ўнізе).

Не засталіся па-за ўвагай лепшыя працаўнікі і ў кіраўніцтва арганізацыі ПМК — 68. Анатолій Фёдаравіч, які неаднаразова ўзнімаўся на сцэну для віншавання, узнагародзіў перадавікоў вытворчасці і ветэранаў працы Ганаровымі граматамі, Падзякамі, грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі.

Штогод у арганізацыі праходзяць унутрыкалектыўныя спаборніцтвы сярод працоўных брыгад. Так, сёлета першае месца заняла комплексная брыгада Валерыя Тадасіева. Другімі сталі сантэхнікі, брыгадзір — Андрэй Лаўрыновіч. Трэцяе месца заняла брыгада аддзелачнікаў пад кіраўніцтвам Наталлі Калінічэнка. Анатолій Фёдаравіч аб’явіў Падзяку ўсім рабочым брыгад-пераможцаў, уручыў грашовыя прэміі і выказаў словы шчырай удзячнасці за нялёгкую самаадданую працу.

Комплексная брыгада (1-е месца)
Брыгада сантэхнікаў (2-е месца)
Брыгада аддзелачнікаў (3-е месца)

Святочны настрой прысутным стваралі ў той дзень самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры: гурты “Рэзананс” і “Родныя напевы” узорны тэатр эстраднай песні “Маленькая фея”, салісты Крысціна Шуман, Аксана Міронава, Марыя Катовіч, Надзея Булкіна і Юлія Чарняўская.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *