Свой юбілей святар адзначае на Шаркаўшчынскай зямлі — тут ён служыць Богу і людзям ужо на працягу 16 гадоў. Ксёндз Крыштаф лічыць Беларусь сваёй другой радзімай (нарадзіўся і жыў святар у Польшчы), яму падабаецца тут працаваць, несці людзям святло веры, сеяць у іх душах любоў і надзею. Пра распазнанне паклікання ў Польшчы, пра працу ў Афрыцы і Беларусі расказвае нашым чытачам сам імяніннік.
— Ксёндз Крыштаф, калі вы адчулі пакліканне да святарства?
— Калі вучыўся ў пачатковай школе, з’явілася думка аб тым, што пайду ў манастыр. Сказаў пра гэта маці, на што пачуў наступнае: “Вучыся, а калі ў цябе ёсць пакліканне, яно нікуды не ўцячэ”.
Пасля школы паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум на садавода. Жыў як усе студэнты — наведваў тэатр, кіно, любіў оперу. У касцёл на святую Імшу таксама хадзіў, але не часта, бо на гэта была забарона. Выпадкова пазнаёміўся з ксёндзом Чэславам Конэрам, які належыў да кангрэгацыі сэрцанаў (каталіцкі ордэн ксяндзоў Сэрца Іісуса — аўт.). З часам святар запрасіў на вучобу ў навіцыят (падрыхтоўка да вучобы ў Духоўнай семінарыіі — аўт.) каля Любліна. Пасля была вучоба ў Вышэйшай місійнай семінарыі.
— І як склаўся святарскі лёс?
— У чэрвені 1982 года атрымаў святарскае пасвячэнне. Яшчэ падчас вучобы цікавіўся місіянерскай працай. У той час місіянерскі рух быў моцным у Польшчы — святары, законныя браты і сёстры выязджалі ў Паўднёвую Амерыку, Азію, Афрыку. І я прыняў рашэнне адправіцца ў якую-небудзь далёкую краіну, жыхары якой прагнуць слова Божага. Яшчэ ў семінарыі вывучаў адпаведныя прадметы — місіялогію, гісторыю, традыцыі, медыцыну, будаўнічыю справу. Затым на працягу года вывучаў французскую мову ў Лувенскім каталіцкім універсітэце (Бельгія). Атрымаў накіраванне ў Заір (Афрыка). Гэта экзатычная краіна была раней бельгійскай калоніяй. Жывуць там больш за 200 плямёнаў, у тым ліку пігмеі. Праз тэрыторыю краіны працякае рака Заір — самая магутная пасля Амазонкі. Тэмпература паветра днём плюс 50С, ноччу — плюс 25.
Дом місійны знаходзіўся ў горадзе, а я служыў у правінцыі. Праз дзень адпраўляўся ў падарожжа на аўтамабілі ці на лодцы. Паўсюдна святара чакалі. З сабой даводзілася браць усё неабходнае для адпраўлення святой Імшы, для хросту, для намашчэння хворых, бо сапраўды невядома было з якімі просьбамі звернуцца вернікі.
Калі жыў у Кіангані, абслугоўваў не толькі паселішчы, якія знаходзіліся на адлегласці 25—30 км, але дабіраўся ў капліцы за 200 кіламетраў.
— Ксёндз Крыштаф, а як атрымалася, што вы з Афрыкі прыехалі ў Беларусь?
— Была магчымасць пасля амаль дзесяцігадовай камандзіроўкі на “чорны кантынгент” распачаць працу ў суседняй з Польшчай краінай. Таму 2 жніўня 1992 года прыбыў у Шаркаўшчыну. Умовы працы былі наступныя. Капліца месцілася ў невялічкай хатцы, пасля вернікам аддалі пад капліцу будынак былога піўбара. А ў гэтай хатцы давялося мне жыць.
У 1993 годзе распачаў будаўніцтва касцёла. У мяне быў вопыт у будаўніцтве — у Афрыцы давялося ўзводзіць святыню ў пасёлку Ібамбі. Трэба адзначыць, што мясцовая ўлада аднеслася з разуменнем да каталіцкіх вернікаў, — усе пытанні вырашаліся аператыўна, дапамогу аказвалі мясцовыя будаўнічыя і дарожныя арганізацыі, а таксама сельгаспрадпрыемствы. У 1997 годзе вернікі атрымалі найвялікшы падарунак — касцёл Узвышэння Святога Крыжа.
Затым з 1997 года па 2003 год працаваў у Паставах. За гэты час правёў рэканструкцыю парафіяльнага дома, пабудаваў капліцу ў вёсцы Груздова.
У 2003 годзе зноў вярнуўся ў Шаркаўшчыну, якая стала мне другой радзімай. Заняўся будаўніцтвам парафіяльнага дому. І сёння парафія мае сучасны будынак, дзе можна праводзіць сустрэчы, катэхізацыю.
— Ксёндз Крыштаф, скажыце, 16 гадоў, праведзеных у Шаркаўшчыне, што яны далі?
— Шаркаўшчына — гэта прыгожы край, дзе жывуць добрыя і працавітыя людзі, якія маюць патрэбу ў слове Божым. Радуе вока, што на святой Імшы ў касцёле з кожным годам становіцца ўсё больш маладых людзей. Каля сотні школьнікаў займаюцца ў нядзельнай школе. З кожным годам усё больш маладых просяць аб удзяленні сакраманту сужэнства, затым прыходзяць з дзеткамі для атрымання сакраманту хросту. З парафіі паходзяць святары Антоній Клімантовіч і Андрэй Сіповіч (абодва працуюць у Мінску, а ксёндз Андрэй яшчэ з’яўляецца выкладчыкам у Духоўнай семінарыі), Мікалай Ліпскі (служыць у Лучаі, што на Пастаўшчыне), Аляксандр Фядотаў (уступіў у кангрэгацыю ксяндзоў-сэрцанаў, працуе ў Гродна), у семінарыі вучыцца клерык Яўген Хаданёнак, у Докшыцах працуе сястра-законніца Надзея Рачыцкая.
Мая задача — служыць Богу і людзям, каб быў плён з гэтай працы. І я ўдзячны лёсу, што трапіў у Беларусь, у прыватнасці, у Шаркаўшчыну.
— Дзякуй за размову. Моцнага здароўя вам, паважаны ксёнзд-пробашч, і каб шмат гадоў вялі да Бога шаркаўшчынскіх вернікаў!
Аляксандр БАРЫЛА.





