
19 верасня ў зале пасяджэнняў Лужкаўскага сельвыканкама ў рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва адбылася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама з мясцовым насельніцтвам. Тэма сустрэчы — “Меры па барацьбе з афрыканскай чумой свіней на тэрыторыі Віцебскай вобласці”. У склад інфармацыйна-прапагандысцкай групы ўвайшлі старшыня райвыканкама М. І. Баговіч, выконваючая абавязкі галоўнага ветурача раёна Р. Э. Вайцяховіч, галоўны ўрач ЦРБ С. Т. Стома і начальнік РАУС С. М. Арэшкаў.
Старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Т. М. Краснадубская акрэсліла прысутным тэму сустрэчы, адзначыўшы, што можна задаваць і іншыя пытанні кіраўніку раёна.
Адразу слова прадаставілі М. І. Баговічу. Мікалай Ірынархавіч адзначыў, што АЧС — гэта сапраўдная бяда. І жыхарам Лужкаўскага сельсавета давялося сутыкнуцца са шматлікімі абмежаваннямі з-за таго, што побач знаходзіцца свінакомплекс. Нядаўна ў ветсанправілы ўнесены дапаўненні. Адно з іх — забарона ўтрымання свіней на ўласных падворках у радыусе 5 кіламетраў ад свінакомплексаў. Гэта навіна была балюча сустрэта сельскімі жыхарамі. На тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета 24 населеныя пункты трапілі ў 5-кіламетровую зону. На сённяшні дзень там поўнасцю знішчана свінапагалоўе.
Кіраўнік раёна папрасіў мясцовых жыхароў з разуменнем адносіцца да праблемы:
— Віцебская вобласць аб’яўлена буфернай зонай. Такое рашэнне прынята і не абмяркоўваецца. Трэба праводзіць каранцінныя мерапрыемствы, каб не дапусціць узнікнення ачагоў АЧС. На свінакомплексе КУВСП “Гарадзец” працуюць 180 чалавек, якія маюць пастаянны заробак і ўсе сацыяльныя гарантыі. Неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць свінакомплекс, ад якога ў значнай ступені залежыць дабрабыт гаспадаркі.
М. І. Баговіч адзначыў, што раённае кіраўніцтва прымае ўсе магчымыя меры для недапушчэння пранікнення АЧС на тэрыторыю раёна. Праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы на свінакомплексе. З моманту з’яўлення АЧС у Беларусі свінапагалоўе на прыватных падворках раёна зменшылася на 1,5 тысячы галоў. Сельскім жыхарам прапаноўваецца забіваць свіней і займаца развядзеннем буйной рагатай жывёлы, авечак, птушак. З моманту аб’яўлення каранцінных мерапрыемстваў на тэрыторыі раёна паляўнічымі адстрэлены каля 60 галоў дзікага кабана. Як вядома, дзікі з’яўляюцца актыўнымі пераносчыкамі гэтай хваробы.
Такім чынам, кіраўнік раёна прапанаваў прысутным з разуменнем адносіцца да ўсіх абмежаванняў звязаных з АЧС. Мікалай Ірынархавіч заклікаў вяскоўцаў не адчайвацца, а прыняць праблему і з дапамогай мясцовай і раённай уладаў шукаць шляхі выйсця.
Р. Э. Вайцяховіч паведаміла, што АЧС выяўлена ў шасці раёнах Віцебскай вобласці. Апошняя ўспышка зафіксавана два тыдні таму назад у Дубровенскім раёне. Рамуальда Эдуардаўна нагадала каранцінныя правілы, адзначыла, што іх павінны выконваць усе без выключэння. Толькі тады можна спадзяваца на тое, што АЧС абміне наш рэгіён. Р. Э. Вайцяховіч агучыла наступнае: на адной з апошніх нарад кіраўніцтва ветэрынарнай службы рэкамендавала да 1 снежня бягучага года поўнасцю знішчыць прыватнае свінапагалоўе.
С. М. Арэшкаў нагадаў прысутным, што перавозіць свіней і мясапрадукты забараняецца без адпаведных дакументаў. У парушальнікаў дадзенага патрабавання будуць праблемы з праваахоўнымі органамі.
С. Т. Стома расказаў удзельнікам адзінага дня інфармавання аб карысці гавядзіны і мяса птушкі. Станіслаў Тадэвушавіч падзяліўся вопытам “безболезненного” пераходу на вырошчванне буйной рагатай жывёлы і птушкі.

Падчас сустрэчы людзі задавалі шмат пытанняў. Іх цікавіла чаму мяса свініны не рэалізуецца ў мясцовым магазіне, калі скончацца абмежаванні, звязаныя з АЧС, калі і па якім кошце можна будзе набыць цялят і птушак, куды здаваць зерне і бульбу, вырашчаныя на ўласных агародах. М. І. Баговіч уважліва выслухаў кожнае пытанне і абяцаў дапамогу. Кіраўнік раёна на месцы даў канкрэтныя даручэнні Т. М. Краснадубскай і дырэктару КУВСП “Гарадзец” А. А. Маркевічу. Было адзначана, што ўсе пытанні будуць вырашаны станоўча, а мясцовыя жыхары ў далейшым могуць разлічваць на дапамогу мясцовай і раённай уладаў.
Аляксандр БАРЫЛА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
