У ААТ «Даватарскі» завяршылі сяўбу азімага рапсу

Сельское хозяйство

механізатар Дзмітрый Ліпскі

Адстракаталі камбайны на хлебнай ніве ААТ “Даватарскі”. Час закладваць аснову будучага ўраджаю. Першай з азімых культур, як і належыць, у аптымальныя тэрміны, высявалі рапс. Трапляем на поле ў аддзяленні Паяначы, дзе на апошніх гектарах вялася сяўба гэтай важнай культуры. Участак плошчай у 75 гектараў сёлета быў засеяны азімай пшаніцай. Калі ўбіралі культуру, то камбайны салому пасля сябе здрабнялі. Затым былі ўнесены ў глебу азотныя тукі і іншыя віды ўдабрэнняў згодна з патрабаваннямі. Глебу ўзорваў механізатар Яўгеній Максімаў.

На падрыхтоўцы яе да сяўбы засталі механізатара Дзмітрыя Ліпскага. Ведаем яго як вопытнага аратага, а тут ён задзейнічан быў на выкананні іншага віду работ.

— Пакуль брат працуе на камбайне, я на яго тэхніцы — трактары МТЗ-3022 з дыскатарам — апрацоўваю глебу, — тлумачыць Дзмітрый. — Справа ў тым, што Мікалай прычапіў да свайго трактара дыскатар і паставіў яго напагатове. Каб мне не перачэплівацца, сеў за руль трактара брата. Мая ж задача, араць глебу. Хутка гэтым і займуся.

механізатар Валерый Ласоўскі

Даўжыня гона дадзенага поля складае амаль паўтара кіламетра. Пакуль размаўлялі з Дзмітрыем, пад’ехаў з сеялкай Валерый Ласоўскі.

— Практычна ўсе 200 гектараў пасеянага ў гаспадарцы рапсу на маім рахунку, — прызнаўся Валерый. — У дзень засяваў па 30 гектараў.

Яно і зразумела, ёсць, як кажуць, дзе “разгуляцца”: участак пасля меліярацыі, поле выраўнена, вялікая контурнасць. Толькі вось глеба перасохла, дожджык быў патрэбен. Механізатары завялі рухавікі трактараў, і шлейф пылу паваліў клубамі за тэхнікай.

Кацярына СОСНА, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *