У гаспадарках раёна азімы рапс быў размешчаны на плошчы 2185 гектараў. Усе плошчы ўбраны і ўраджайнасць яго склала 19,2 цэнтнера з гектара. Адзін з лепшых паказчыкаў у ААТ “Васюкі” — 24,6 і “Даватарскі” — 24,1 цэнтнера з гектара.
Як паведаміў дырэктар ААТ “Васюкі” Віктар Мар’янавіч Арцюшэўскі, атрымалі такую ўраджайнасць культуры дзякуючы захаванню усіх патрабаванняў тэхналогіі вырошчвання. Асаблівая ўвага была звернута на якасць сяўбы і потым на догляд пасеваў. А ў гэтым заслуга ўсіх спецыялістаў гаспадаркі і ў першую чаргу галоўнага агранома Валянціны Пальшынай.
Своечасова ўбралі камбайнеры алейную культуру, зрабілі, так скажам абкатку сваіх камбайнаў перад уборкай зерневых Аляксандр Змітровіч, Алег Лаўрыновіч, Іван Зялёнка і Леанід Лабуць. Намалацілі 492 тоны насення, якое пасля дапрацоўкі адпраўлена дзяржаве. Ужо ў касу гаспадаркі ад рэалізацыі паступіла звыш 900 мільёнаў рублёў.
Кацярына СОСНА
