Крымінальны вышук: працуюць сапраўдныя прафесіяналы

Актуальное

300У далёкім 1918 годзе былі створаны першыя падраздзяленні крымінальнага вышуку сучасных органаў унутраных спраў. З таго часу пры міліцыі пачалі дзейнічаць спецыяльныя службы аховы парадку шляхам сакрэтнага расследавання правапарушэнняў крымінальнага характару і барацьбы з бандытызмам. Сёння іх супрацоўнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята.
15 мая 1940 года быў выдадзены загад, якім аб’яўлены першыя штаты Шаркаўшчынскага раённага аддзялення НКУС па Вілейскай вобласці. Аддзяленне крымінальнага вышуку налічвала тады трох супрацоўнікаў. У 1944 годзе ў адпаведнасці з зацверджаным штатным раскладам у крымінальным вышуку Шаркаўшчынскага райаддзела НКУС працавалі адзін старшы оперупаўнаважаны, два оперупаўнаважаных і два памочнікі оперупаўнаважаных. У пасляваенны час аддзяленне крымінальнага вышуку РАУС падпарадкоўвалася розным абласным упраўленням МУС БССР. Спачатку Вілейскаму, затым Полацкаму, Маладзечанскаму, а з 1960 года, з уключэннем у склад Віцебскай вобласці Шаркаўшчынскага раёна — Віцебскаму абласному ўпраўленню ўнутраных спраў. Змянялася колькасць штатных адзінак аддзялення і яго кіраўніцтва.
З 2014 года пасаду начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Шаркаўшчынскага РАУС займае маёр міліцыі Васілій Вандалінавіч Згірскі — сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Разам з ім у калектыве працуюць старшы оперупаўнаважаны Станіслаў Антонавіч Хашкоўскі, старшы оперупаўнаважаны па вышуковай рабоце Леанід Станіслававіч Хаданёнак, оперупаўнаважаныя Юрый Часлававіч Казарын і малады супрацоўнік Аляксандр Юр’евіч Фоцін.
За прайшоўшы перыяд 2014 года на тэрыторыі раёна ўчынена 59 злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Па 53 злачыствах устаноўлены асобы, якія іх учынілі. Больш усяго зафіксавана крадзяжоў рознай формы ўласнасці — 41, з якіх на сённяшні дзень раскрыта 29.
Цяперашнія аператыўнікі вельмі ўдзячны сваім папярэднікам — ветэранам крымінальнага вышуку, тым, хто працоўны шлях свайго жыцця прысвяціў ахове законнасці і правапарадку. А гэта Уладзімір Валер’евіч Катовіч, Пётр Іванавіч Баравік, Віктар Іосіфавіч Бука, Уладзімір Серафімавіч Шпец і Барыс Аркадзьевіч Альшэўскі, якога, на жаль, ужо няма сярод жывых. Іх неацэнны вопыт стаў трывалым падмуркам сённяшняй зладжанай, высокаэфектыўнай і аператыўнай работы аддзялення крымінальнага вышуку Шаркаўшчынскага РАУС.
Аляксандр БАРЫЛА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *