Займаецца вырабам разнастайных прадметаў побыту з дрэва майстар Валянцін Пяцько

Актуальное

Валянцін Пяцько — майстар з Грыгараўшчыны
Валянцін Пяцько — майстар з Грыгараўшчыны

Будучы на кірмашы, можна пачуць многае, нават каштоўнае і павучальнае ад наведвальнікаў. Вось, напрыклад, часта дзеліцца сакрэтамі свайго майстэрства майстар па дрэву, так назавём яго прафесію, Валянцін Іосіфавіч Пяцько. Ён вырабляе розныя рэчы з дрэва і драўніны, якія нарыхтоўвае ў мясцовым лесе. Дарэчы, жыве Валянцін у вёсцы Грыгараўшчына, дзе да леса рукой падаць. На яго прыстасаваным прылаўку можна заўважыць лыжкі, каўшы і коўшыкі, дэнцы розных памераў, тапарышчы і многае іншае. Рэалізоўваючы свае рэчы, майстар вывучае попыт наведвальнікаў. Адны просяць зрабіць маслабойку, іншыя шынкоўку… А вось падыйшоў, па ўсім відаць, прыезджы мужчына і заказаў майстру вырабіць яму бочачку, каб можна было ў ёй захоўваць на зіму грыбы або капусту. Майстар параіў, што для гэтых мэт падойдзе лепш за ўсё дубовая бочачка.
І тут уключыліся ў размову жанчыны — вопытныя гаспадыні — і сталі расказваць, як лепш квасіць капусту, каб яна была смачнай і хрумсткай. Трэба сказаць, што ў кожнай свае, гадамі выпрабаваныя рэцэпты. Але давялося пачуць нешта новае, магчыма, і карыснае будзе для іншых.
Каб капуста ўдалася, яе квасіць трэба пасля Пакрова (14 кастрычніка). Смачная атрымліваецца, калі дабавіць да яе морквы, нацёртай на буйнай тарцы або нарэзанай кружочкамі. Соль павінна быць каменная, а не ёдаваная. На дно тары кладуць кавалак чорнага хлеба, загорнутага ў ліст капусты, прычым хлеб павінен быць смачным і духмяным. Асаблівы смак капусце надаюць яблыкі — антонаўкі. Дабаўляюць журавіны або брусніцы. Нельга пераціраць капусту з соллю — яна не будзе хрумсткай. Змяшаная з морквай і соллю, укладваецца слаямі (10 см) і трамбуецца кулаком або драўлянай качалкай да выдзялення соку. Першы гарклявы сок павінен сцячы, таму капусту ў тару кладуць горкай і накрываюць драўляным кружком. Першыя 2—3 дні капусту трымаюць пры тэмпературы +18—+20 градусаў. Для паляпшэння смаку і духмянасці яе штодня пракалываюць завостранай драўлянай палкай. Пена — здымаецца.
На 10 кг капусты патрабуецца: 100—150 г солі, морквы і яблыкаў — па 1 кілаграму, журавін або брусніц — 200—250 г.
Цікава, што гаспадыні, якія прапанавалі свае рэцэпты, ніколькі не сыплюць цукру. На пытанне чаму, адказалі, што хапае яго ў агародніне і садавіне, якую дабаўляем, а ад цукру капуста цямнее. Магчыма, яны маюць рацыю. А тое, што самая смачная і хрумсткая капуста атрымліваецца ў драўляных бочках, ніхто не сумняваўся.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *