Падарунак роднай вёсцы зрабіў жыхар Смаленска Сяргей Крыўка

Актуальное

жыхары вёскі Крыўкі каля Паклоннага Крыжа
жыхары вёскі Крыўкі каля Паклоннага Крыжа

На землях праваслаўнай Русі, у склад якой уваходзіла тэрыторыя сучасных Беларусі і Украіны, здаўна ўстанаўлівалі на ўездах у гарады, станіцы, вёскі Паклонныя Крыжы. Усталяваныя на палях і каля дарог, яны часта нагадваюць аб пакінутых населеных пунктах. Праваслаўныя Паклонныя Крыжы часцей за ўсё сустракаюцца драўляныя, радзей — каменныя або металічныя. Каля падножжа Крыжа звычайна ўкладваюць каменне так, каб атрымалася невялікае ўзвышэнне, якое сімвалізуе гару Галгофу, на якой быў распяты Ісус Хрыстос. Паклонныя Крыжы служаць вернікам месцам для малітвы, напамінам усім путнікам аб неабходнасці пакаяння, жыцця па законах дабра і любові да бліжніх.
Пагожым вераснёўскім нядзельным ранкам жыхары вёскі Крыўкі, якая размешчана на тэрыторыі Лужкаўскага сельскага Савета, сабраліся на цэнтральным месцы свайго населенага пункта, каб вітаць дабрачыннага Шаркаўшчынскай акругі протаіерэя Пятра Бараноўскага. Свяшчэннаслужыцель па запрашэнні вяскоўцаў прыехаў на асвячэнне Паклоннага Крыжа, які мясцовыя жыхары ўстанавілі ў Крыўках. Такі своеасаблівы падарунак сваім землякам прыпаднёс ураджэнец тутэйшых мясцін, а зараз жыхар Смаленска, Сяргей Крыўка. Ён набыў у Расійскай Федэрацыі праваслаўны Паклонны Крыж і даставіў яго на сваю малую радзіму. Насельніцтва гэтай, некалі вялікай вёскі, зараз складае трыццаць сем чалавек, большасць з якіх — людзі сталага ўзросту. Таму зараз пажылым жыхарам Крывак, якія не маюць магчымасці наведваць службы ў праваслаўным храме, размешчаным ў Лужках, надарылася выдатная магчымасць штодня прыходзіць да асвечанага Паклоннага Крыжа, каб памаліцца за здароўе родных і блізкіх, прыпыніўшыся на хвілінку каля святога месца, задумацца аб вечным.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *