Урачыстае мерапрыемства — Дзень прызыўніка

Актуальное

IMG_0256У глядзельнай зале раённага Цэнтра культуры 24 кастрычніка прайшло мерапрыемства, прысвечанае будучым абаронцам нашай Айчыны, а менавіта Дзень прызыўніка. Урачыстае ўручэнне павестак на воінскую службу васемнаццацігадовым юнакам нашага раёна праходзіць двойчы ў год — вясною і восенню. У чарговы восеньскі прызыў 2014 года салдацкі строй папоўняць сорак тры хлопцы-шаркаўчане. З іх пяцёра будуць праходзіць воінскую службу ў рэзерве. У гэты святочны, але адначасова і крыху сумны дзень, разам з юнакамі прыйшлі іх родныя і блізкія, сябры і знаёмыя.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта прызыўнікоў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі. Юрый Анатольевіч падкрэсліў у сваёй прамове, што служба ў войску — ганаровы абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны. Ён пажадаў сённяшнім прызыўнікам і заўтрашнім салдатам быць заусёды справядлівымі да сваіх таварышаў, выконваць загады камандзіраў, надзейна ахоўваць мірнае неба радзімы. З годнасцю выканаць свой воінскі доўг перад Айчынай і хутчэйшага вяртання да дому ад імя бацькоў пажадала будучым салдатам маці аднаго з прызыўнікоў Жанна Русак. Настаяцель царквы Усіх Смуткуючых Радасць Віктар Валашчук нагадаў юнакам аб тым, як важна для кожнага з іх у далечыні ад роднага дома свята захоўваць любоў да сваіх бацькоў і блізкіх людзей, а з новыми сябрамі-саслужыўцамі зберагчы ў сэрцах любоў да сваёй радзімы, рубяжы якой настала і іхняя чарга абараняць зараз. Выказалі словы віншавання і ўручылі памятныя падарункі прадстаўнікі адміністрацый прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе працуюць некаторыя з прызыўнікоў: ААТ «Даватарскі», «Ельня-Агра», «Агратэхсэрвіс», ПМК-68, Лужкаўская ДШМ, філіял «Шаркаўшчына-Торг».
Пасля канцэртнай праграмы, якую з густам падрыхтавалі самадзейныя артысты раённага Цэнтра культуры, настаў, бадай, самы хвалюючы момант мерапрыемства — уручэнне воінскіх павестак з датай прызыву. Гэту місію выканаў раённы ваенны камісар А. В. Дубовік. Андрэй Вітольдавіч асабіста павіншаваў кожнага юнака з гэтай знакавай падзеяй у жыцці і пажадаў прызыўнікам годна несці званне салдата Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *