Вучань Радзюкоўскай БШ Мікіта Пундзіс дзеліцца ўражаннямі ад наведвання галоўнай ёлкі краіны ў Мінску

Актуальное

26—27 снежня 2011 года тры вучні нашага раёна мелі магчымасць пабываць на галоўнай ёлцы краіны ў Мінску. Сярод іх быў і Мікіта ПУНДЗІС, вучань 6 класа Радзюкоўскай базавай школы. Сёння ён дзеліцца ўражаннямі ад паездкі.
— Горад-герой сустрэў нас яркімі агнямі святочнай ілюмінацыі. Ва ўсім адчувалася набліжэнне Новага года.
У першы дзень мы наведалі цыркавое прадстаўленне. З павышанай цікаўнасцю сустракалі выступленні клоунаў, акрабатаў, жанглёраў, дрэсіроўшчыкаў са сваімі выхаванцамі. А потым была святочная дыскатэка.
Але самае цікавае было наперадзе. На наступную раніцу мы накіраваліся ў Палац Рэспублікі, дзе нас чакала прыгожая навагодняя ёлка. Разам з дзецьмі з розных куткоў нашай Радзімы танцавалі, вадзілі карагоды, фатаграфаваліся. Гэта быў сапраўдны баль-маскарад! І ўсё ж мы з нецярпеннем чакалі кульмінацыйнага моманту — выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Аляксандр Рыгоравіч павіншаваў нас з наступаючым Новым годам, пажадаў поспехаў у вучобе, творчасці і натхнення. Потым усе разам у вялікай зале Палаца Рэспублікі глядзелі казачнае прадстаўленне. На свяце кожны з нас атрымаў цудоўны навагодні падарунак.
Паездка ў Мінск каштоўная яшчэ і тым, што я пазнаёміўся з цікавымі людзьмі, набыў новых сяброў.
Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі незабыўнай паездкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *