
Спецыялісты клубных устаноў перыядычна практыкуюць выязныя выступленні калектываў аматарскай мастацкай самадзейнасці на канцэртных пляцоўках сельскіх дамоў культуры і сельскіх клубаў унутры раёна. Такая форма работы прыносіць свой плён і карысць. Па-першае, ідзе ўзаемаабмен творчымі напрацоўкамі паміж работнікамі культуры, па-другое, існуе магчымасць дадатковага заробку пазабюджэтных сродкаў, па-трэцяе, людзі з ахвотай наведваюць падобныя мерапрыемствы ў якасці гледачоў, з карысцю праводзяць свой вольны час.
Па папярэдняй узаемнай дамоўленасці паміж спецыялістамі клубных устаноў, размешчаных на тэрыторыі Лужкаўскага сельскага Савета, напрыканцы кастрычніка адбыўся выязны канцэрт народнага вакальнага ансамбля “Лужкаўскія песняры” у Верацееўскім Цэнтры культуры і адпачынку і ў Дворнаўскім сельскім Доме культуры. Удзельнікі народнага калектыву падрыхтавалі гледачам цікавую і насычаную канцэртна-тэатралізаваную праграму пад назвай “Асенні карагод”, у якой змаглі паказаць прысутнай аўдыторыі фрагменты правядзення восеньскага кірмашу, свята ўраджаю. Вядома, што восень — пара вяселляў. Аб тым, як спраўлялі заручаны і выдавалі замуж вясковых дзяўчат нашы продкі, паказалі ўдзельнікі народнага калектыву ў адным са сваіх канцэртных блокаў. Не абышлі стараной самадзейныя артысты і самае галоўнае свята кастрычніка — Дзень маці. Прысутным у зале жанчынам былі падораны цёплыя словы віншавання і мілагучныя песні ў выкананні сям’і Каснікоўскіх — Ігара, Наталлі і Кацярыны. Музычны акампанемент стваралі выкладчыкі Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. А бадзёры настрой гумарыстычнымі пастаноўкамі ў перапынках паміж песнямі гледачам дарылі дзве сяброўкі-суседкі Агата (Лена Гугалінская) і Хадоська (Ірына Буднік). Канцэртная праграма, якая доўжылася крыху больш гадзіны, вельмі даспадобы прыйшлася кожнаму, хто ў той дзень завітаў у клубныя ўстановы Верацей і Дворнава, каб атрымаць зарад станоўчых эмоцый і пазітыву.
А найлепшым падарункам для самадзейных артыстаў сталі апладысменты задаволеных гледачоў, словы ўдзячнасці і букеты восеньскіх прыгожых кветак.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.

