
Кіраўнік ААТ “Буеўшчына” Анатолій Ігнацьевіч Буда сваю працоўную біяграфію пачынаў галоўным інжынерам у тутэйшай гаспадарцы. Затым кіраваў сельгаспрадпрыемствам на сваёй малой радзіме. Выпрабоўваў і іншыя шляхі працоўнай дзейнасці, а цяпер, дзякуючы багатаму вопыту працы ў сельскай гаспадарцы, глыбокаму веданню тэхналогіі, характараў людзей, кіраўнік здольны прымаць правільныя рашэнні і эфектыўна гаспадарыць у ААТ “Буеўшчына”. Пра ўсё гэта і была наша размова:
— Анатолій Ігнацьевіч, практычна завершаны сельскагаспадарчы год. Можна падвесці ўжо і папярэднія вынікі. У першую чаргу, якія яны ў раслінаводчай галіне?
— Багацце гаспадаркі ацэньваецца па колькасці намалочанага збожжа. Аснову ўраджаю заклалі яшчэ мінулай восенню, захаваўшы ўсе патрабаванні тэхналогіі. Планы на ўраджай былі добрымі, але бясснежная зіма перакрэсліла ўсе нашы надзеі. З 800 гектараў азімых перасявалі яравымі зерневымі культурамі 229 гектараў, практычна на ўсіх 300 гектарах рапс загінуў. Давялося шмат папрацаваць галоўнаму аграному Віктару Атрашкевічу, механізатарам, каб своечасова завяршыць яравую сяўбу. Атрымалі даволі важкі ўраджай зерневых культур і па ўраджайнасці занялі трэцяе месца ў раёне. Былі ўчасткі трыцікале, дзе ўраджайнасць даходзіла да 40 цэнтнераў з гектара. А вось жыта тутэйшыя землі не любяць. Не падвёў нас лён, які вырошчвалі на плошчы ў 150 гектараў. Толькі да гэтага часу не бачым ад яго аддачы — не разлічваецца перапрацоўшчык прадукцыі.
— Уборку збожжавых культур праводзілі вопытныя камбайнеры? Прыёмка прадукцыі не стрымлівала цыкл работ?
— Прызнаным лідарам на жніве быў малады механізатар Андрэй Посны. Ён намалаціў 911 тон зерня з 605 гектарнай плошчы. Добрых вынікаў дасягнулі І. І. Грайчонак, П. Я. Ерамееў, А. Я. Смірноў, У. І. Васюцёнак. У час жніва яны прыходзілі на мехдвор у 6—7 гадзін раніцы, рыхтавалі камбайны да работы, каб не было збояў у працэсе ўборкі.
На адвозцы збожжа ад камбайнаў практычна спраўляліся ўдваіх на аўтамашанах МАЗ-555 В. В. Лаўрыновіч і Т. А. Недведзь.
Год назад увялі ў дзеянне новую сушылку. Збожжа паступала з поля сухое, дастаткова было яго толькі прачысціць. Справіліся з пастаўкай збожжа дзяржаве і сабе назапасілі.
— Анатолій Ігнацьевіч, ільвіную долю прыбытку гаспадарцы прыносіць жывёлагадоўля. Асабліва цяпер, калі работы на палетках закончаны. Як тут ідуць справы?
— У гаспадарцы налічваецца 2720 галоў буйной рагатай жывёлы. З іх 927 — дойны статак. За дзевяць апошніх месяцаў ён павялічыўся і склаў 106 працэнтаў да папярэдняга года. Але не толькі нарошчваецца пагалоўе, а і павялічваецца яго прадукцыйнасць.
З уводам у дзеянне малочнатаварнага комплекса Варонка з даільнай залай на 600 галоў ліквідавалі малыя фермы, пабудаваныя ў 50-х гадах — Снегі, Дубнічкі, Корніца. Цяпер увесь дойны статак сканцэнтраваны ў Варонцы, Буеўшчыне і Іёдах.
— Калі ласка, больш падрабязна раскажыце аб дзейнасці малочнатаварнага комплекса.
— Самі бачыце, (мы з кіраўніком наведалі комплекс) наколькі тут усё па сучаснаму. Абслугоўваюць статак 21 чалавек. А дояць кароў толькі тры даяркі. Узначальвае калектыў вопытны кіраўнік, заатэхнік па спецыяльнасці, Анатолій Вітальевіч Салачонак.
— Калі закранулі пытанне аб кадрах, то якая ў вас забяспечанасць імі?
— У гаспадарцы 190 працуючых. З гадамі змяншаецца іх колькасць. Чакаем моладзь. Няма галоўнага заатэхніка. Мяркуем, што пасля заканчэння Лужаснянскага сельскагаспадарчага каледжа прыйдзе дзяўчына, якая вучыцца за кошт гаспадаркі. Ветурач А. Баговіч вопытная і адказная працаўніца, вось бы ёй у дапамогу заатэхніка-селекцыянера і іншых спецыялістаў сярэдняга звяна.
— І ўсё ж і такім саставам вырашаеце ўсе паўсядзённыя задачы. Пачаўся зімова-стойлавы перыяд ўтрымання жывёлы, ці дастатковая кармавая база, каб нарошчваць прадукцыю?
— З году ў год на зімова-стойлавы перыяд назапашваем дастатковую колькасць грубых і сакавітых кармоў. Жывёлу забяспечваем поўнымі рацыёнамі, дадаем у кармы мінеральныя дабаўкі і бялок. Забяспечваем статак канцэнтратамі. Спадзяемся, што будзе зімоўка жывёлы сытнай і нашы жывёлаводы атрымаюць прыбытак.
— Анатолій Ігнацьевіч, назавіце, калі ласка, тых працаўнікоў, на якіх, так скажам, трымаецца вытворчасць.
— Да тых, каго ўжо ўпамінаў, можна дадаць даярку Марыну Струй, даглядчыцу маладняку буйной рагатай жывёлы Антаніну Маркелаву, маладых даярку і даглядчыка БРЖ Вольгу Мандрык і Антона Абалевіча, загадчыцу фермы Буеўшчына Ларысу Цялежнікаву, тэхніка па штучнаму асемяненню жывёлы Марыю Цітовіч, механізатараў Антона Паўловіча, Аркадзія і Уладзіміра Падобаў і іншых.
Дзякуй за размову. Поспехаў вам і вашым працаўнікам.
Гутарыла Кацярына СОСНА.

