У цёплай сяброўскай атмасферы 5 снежня 70-гадовы юбілей свайго перыядычнага выдання сустрэў калектыў супрацоўнікаў рэдакцыі раённай газеты “Кліч Радзімы”. З гэтай нагоды ў выставачнай зале раённага Цэнтра рамёстваў работнікі культуры падрыхтавалі тэматычную літаратурна-музычную вечарыну. Павіншаваць наш калектыў завіталі шматлікія госці, сябры. Прысутнічалі на свяце старшыня раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговіч, намеснік старшыні Ю. А. Васілеўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стома. Мікалай Ірынархавіч пажадаў калектыву газеты далейшага прафесійнага і творчага росту, пошуку цікавых тэм і адметных людзей. Кіраўнік раёна ў якасці падарунка ўручыў рэдакцыі сертыфікат на набыццё сучаснага прафесійнага фотаапарата. З рук старшыні райвыканкама супрацоўнікі атрымалі ўзнагароды. Нагрудны Знак “Выдатнік друку” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь уручаны адказнаму сакратару Андрэю Бурцу. Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны рэдактар раённага радыё Барыс Войтаў і вадзіцель рэдакцыі Леанід Рымдзёнак. Ганаровыя граматы Шаркаўшчынскага райвыканкама ўручаны галоўнаму рэдактару Аляксандру Барылу, адказнаму сакратару Андрэю Бурцу і загадчыку сельскагаспадарчага аддзела Кацярыне Сосна.
Вядучыя святочнага мерапрыемства зрабілі невялікі экскурс у мінулае газеты. Нагадалі, як адбывалася станаўленне раённага перыядычнага выдання, назвалі імёны людзей розных прафесій, ад друкароў да галоўных рэдактараў, хто ў розныя гады працаваў над тым, каб кожны нумар газеты своечасова дайшоў да свайго чытача. На жаль, многіх няма ўжо сярод жывых. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі светлую памяць пра іх.
Шмат гадоў працавала адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара Людміла Лабачэўская. Яна падзялілася ўспамінамі пра той час. На ўрачыстасці прысутнічала і Альдона Корсак. Лёс гэтай жанчыны непарыўна звязаны з газетай “Кліч Радзімы”, бо яна ўсё жыццё крочыла побач з мужам Эдуардам Корсакам, былым галоўным рэдактарам, разам з якім радавалася яго творчым поспехам і ўдачам.
Як вядома, вельмі многа нашых сяброў ёсць сярод маладога пакалення. Павіншаваць калектыў рэдакцыі і ўручыць памятныя падарункі прыйшлі выхаванцы гуртка “Юны карэспандэнт”, які працуе пры раённым Цэнтры дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Ірыны Тарбецкай. Цёплыя, сардэчныя словы вінашавання прагучалі і з вуснаў удзельнікаў народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. “Світанкаўцы”, дарэчы, друкуюць свае творы на старонках раённай газеты з 1992 года, маюць уласную тэматычную паласу. І ўвесь гэты час калектывам шаркаўшчынскіх паэтаў і празаікаў нязменна кіруе член Саюза пісьменнікаў Беларусі Кацярына Мар’янаўна Сосна.
Старэйшыя нашы калегі імкнуцца перадаць маладому пакаленню журналістаў свой накоплены жыццёвы вопыт.
Апошнім часам у рэдакцыю прыйшлі працаваць маладыя супрацоўнікі, якія стараюцца ўнесці ў работу калектыву сучасныя формы і метады падачы інфармацыі да чытача. І вельмі сімвалічным на свяце стаў факт уручэння “Залатога пяра” з рук нашага вопытнага калегі Кацярыны Мар’янаўны Сосна самаму маладому карэспандэнту Сяргею Высоцкаму, які толькі пачынае рабіць свае першыя крокі ў журналістыцы.
На працягу ўсёй вечарыны гучала яшчэ шмат слоў віншавання, вершаў, вясёлых песень. Арганізатры ўрачыстасці зрабілі для калектыву рэдакцыі цудоўны падарунак з нагоды юбілею газеты, падарыўшы ўсім прысутным выдатны настрой і масу пазітыўных эмоцый. Вялікі дзякуй за падоранае свята мы кажам начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміле Стоме, галоўнаму спецыялісту гэтага аддзела Тэрэзе Міштоўт, дырэктару раённага Цэнтра культуры Аксане Сініца, дырэктару цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алене Фромертас, намесніку дырэктара раённага Цэнтра культуры Жанне Пундзіс, дырэктару раённага Цэнтра рамёстваў Вікторыі Дубоўскай і супрацоўнікам гэтай установы Ірыне Грунінай і Святлане Заіка, загадчыку мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Віктару Круку, загадчыку аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС Марыі Сушко, метадысту ЦБС Веры Мілянцей, метадысту РЦК Івану Русецкаму, інжынеру РЦК Уладзіміру Пундзісу, бібліятэкару Лонскай бібліятэкі-філіяла Наталлі Кандрацьевай, выкладчыку Шаркаўшчынскай ДШМ Але Міхайлавай, узорнаму тэатру эстраднай песні “Маленькая фея” і асабіста яго кіраўніку Веры Шуман, аматарскаму аб’яднанню “Душевный уют”, дырэктару аддзела традыцыйнай культуры РЦК Таццяне Лаздоўскай, індывідуальнаму прадпрымальніку Людміле Лабачэўскай!
Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто раздзяліў разам з намі радасць юбілею любімай газеты “Кліч Радзімы”. Будзем сустракацца і надалей на старонках нашага перыядычнага выдання!
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Алены АНАНІЧ.

Дорогие журналисты!Поздравляем с юбилеем.Счастья,творческих успехов.Пусть Бог даст вам и вашим родным здоровья.Мира,добра,вдохновения! С любовью-ваши друзья!