Падыходзіць да свайго завяршэння яшчэ адзін год. У 2015-м усё чалавецтва адзначала 70-годдзе Вялікай Перамогі над фашызмам — і для нашай краіны гэта дата напоўнена асаблівым сэнсам. Па-першае таму, што без Дня Перамогі гісторыя б развівалася ўжо зусім па іншым сцэнарыі і ўжо, верагодней за ўсё, без нас. А таму кожны год мы святкуем 9 мая не па календары, а па закліку сэрца, па сумленні і не можам забыць ні трагедыі людской, ні радасць вызвалення.
— Лагічным завяршэннем бягучага года ў Віцебскай вобласці стала выданне зборніка вершаў ветэранаў педагагічнай працы “Каб памяць жыла ў сэрцах пакаленняў”,- паведаміла старшыня Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Іванаўна Баговіч. — Ініцыятыва яго выдання належыць Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і абласному Савету ветэранаў педагагічнай працы. У кнізе змешчаны вершы 39 аўтараў з 12 рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Сярод іх — творы 4 нашых землякоў. У зборнік уключаны вершы былых настаўнікаў, а зараз ветэранаў педагагічнай працы Мікалая Мікалаевіча Грабянька, Уладзіміра Якаўлевіча Мілянцея, Віктара Стэфанавіча Морхата і Галіны Іванаўны Сікора. Усе гэтыя аўтары былі запрошаны на прэзентацыю кнігі “Каб памяць жыла ў сэрцах пакаленняў”, якая праходзіла 3 снежня ў горадзе Віцебску на тэрыторыі гімназіі № 8. Узначальвала дэлегацыю Шаркаўшчынскага раёна на гэтым цікавым мерапрыемстве старшыня раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская. Яна і падзялілася з чытачамі раённай газеты сваімі ўражаннямі:
— Настаўнікі і вучні гімназіі № 8 горада Віцебск сардэчна сустракалі гасцей у дзень прэзентацыі кнігі “Каб памяць жыла ў сэрцах пакаленняў”. Дырэктар гімназіі і наша зямлячка Раіса Міхайлаўна Грабоўская ў час экскурсіі па ўстанове адукацыі расказала аб тым, чым сёння жыве сучасная школа, якімі рэсурсамі і тэхналогіямі валодае, якія рэзультаты дасягнуты. А самі дзеці прадэманстравалі гасцям неверагодную канцэртную праграму, створаную па матывах вершаў былых настаўнікаў, якія і ўвайшлі ў зборнік, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. На аснове гэтых вершаў былі прадстаўлены музычныя, тэатралізаваныя і танцавальныя кампазіцыі, напісаны песні, якія прагучалі ў выкананні таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Незабыўнае ўражанне пакінуў і дзіцячы хор, у складзе якога выступілі 80 юных выканаўцаў. На сцэну выходзілі самі аўтары, ветэраны педагагічнай працы, яны чыталі свае вершы, дзяліліся думкамі і разважаннямі. Як адзначыла ў час свайго выступлення старшыня Віцебскага абласнога Савета ветэранаў педагагічнай працы Надзея Рыгораўна Іўлева, мэта стварэння гэтага зборніка — выявіць таленты і творчыя здольнасці настаўнікаў-ветэранаў, у якіх жаданне пісаць вершы, а таксама пачуццё рытму, жыццёвага і паэтычнага, з’явілася яшчэ на школьных уроках, на першых і апошніх званках і ў час напісання сцэнарыяў да дзіцячых вечароў і ранішнікаў. Аўтары, якія ўвайшлі ў зборнік, не з’яўляюцца прафесіянальнымі паэтамі. Як адзначана ў анатацыі да кнігі “няхай у вершах настаўнікаў-ветэранаў не багаты арсенал сродкаў мастацкай выразнасці, парой “кульгае” рыфма і не заўсёды вытрыманы рытм, затое выклікае павагу шчырасць пачуццяў і светлая “памяць сэрца”. І гэтым усё сказана.
Усіх удзельнікаў сустрэчы ў гэты дзень шчыра віталі старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Сяргеевіч Суханаў, старшыня абласнога Савета ветэранаў педагагічнай працы Надзея Рыгораўна Іўлева, дэлегацыі былых настаўнікаў са Смаленска і Мінска, многія іншыя госці святочнай урачыстасці. Цёплай і запамінальнай стала сустрэча калег-аднадумцаў, якія, працуючы ў розныя гады ў розных месцах, прысвяцілі сваё жыццё дзецям. Педагогам было што ўспомніць і аб чым пагутарыць: цікавыя, незабыўныя моманты з працоўнай практыкі, дасягненні настаўнікаў і вучняў і безумоўна, тое, чым сёння жывуць ветэраны сістэмы адукацыі нашай вобласці.
Прэзентацыя кнігі “Каб памяць жыла ў сэрцах пакаленняў” прайшла ярка і запамінальна. Усе аўтары, чые вершы ўвайшлі ў зборнік, атрымалі яго на памяць і былі ўзнагароджаны аўтарскімі пасведчаннямі. Шчыра віншуем нашых землякоў Мікалая Мікалаевіча Грабянька, Уладзіміра Якаўлевіча Мілянцея, Віктара Стэфанавіча Морхата і Галіну Іванаўну Сікора са значнай падзеяй не толькі ў іх жыцці, але і ў жыцці ўсёй Віцебшчыны і, безумоўна, нашага Шаркаўшчынскага краю. А вершы нашых шаркаўшчынскіх паэтаў і больш падрабязная інфармацыя пра саміх аўтараў будзе паступова друкавацца ў наступных нумарах раённай газеты.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

