8 снежня адзначыла 90-гадовы юбілей Вера Раманаўна Протас

Актуальное

2014 016Вера Раманаўна Протас, якая жыве ў невялікай вёсцы Антанова Радзюкоўскага сельсавета, адзначыла 8 снежня 90-гадовы юбілей.
Вера Раманаўна нарадзілася ў вёсцы Буда ў вялікай сям’і, якая налічвала 9 дзяцей. Як самая старэйшая ў сям’і была галоўнай памочніцай ў бацькоў, даглядала малодшых братоў і сясцёр. Маладосць прыйшлася на ваенны час. Мнагадзетнай сям’і жылося вельмі цяжка, у самым пачатку вайны памёр бацька, старэйшага з братоў забралі на фронт, дзе ён загінуў. Усе сямейныя клопаты, уся хатняя гаспадарка ляглі на плечы маці і старэйшай дачкі. І яна вырашыла працаваць у пана, каб пракарміць сям’ю. У ваенны час, нягледзячы на голад і нястачу, насіла салдатам ежу ў лес.
У 1959 годзе выйшла замуж за Баляслава Астафеевіча Протаса. У 1968 годзе яны пабудавалі хату, пераехалі ў Антанова, дзе і жывуць па сённяшні час. У тым жа годзе яна пайшла ў саўгас даяркай, дзе прапрацавала па 1982 год. Прывучаная з маленства да працы, была адной з лепшых даярак саўгаса. Неаднаразова займала першыя месцы па надоях малака. За гэта прэміравалася грашовымі прэміямі і экскурсійнымі паездкамі.
Шмат цяжкасцей і бед яна перажыла за гэтыя гады, пахавала шмат родных і блізкіх людзей. Але нягледзячы на гэта і свой сталы ўзрост, па словах Веры Раманаўны, яна адчувае сябе ў душы гадоў на 45. І зараз мае добрую памяць, расказвае ўнукам і праўнукам гісторыі са свайго жыцця, умее і трапна сказаць, і даўнейшыя частушкі праспяваць.
Вера Раманаўна не толькі аўтарытэт ў сваёй сям’і, але і паважаны ў вёсцы чалавек. Разам з мужам Баляславам у гэтым годзе адзначылі 55-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Нарадзілі і выгадавалі дваіх дзяцей — дачку Фаіну і сына Леаніда. Апошняга, на жаль, ужо няма ў жывых. Маюць чатырох унукаў і двух праўнукаў, якія 8 снежня павіншавалі бабулю і прабабулю з 90-гадовым юбілеем, пажадалі ёй моцнага здароўя і бадзёрасці духу яшчэ на доўгія гады!
Алена АНАНІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *