Сёлета Велікасельская ДС-СШ адзначыла 20-гадовы юбілей

Молодежь

і праз дваццаць год Велікасельская ДС-СШ выглядае прыгожа і велічна
і праз дваццаць год Велікасельская ДС-СШ выглядае прыгожа і велічна

Школа — гэта жывая крыніца дабрыні, душэўнай прыгажосці, адкуль мы чэрпаем сілу, энергію, аптымізм, якія дапамагаюць нам усвядоміць жыццё ва ўсёй яго прыгажосці і шматграннасці. Колькі б ні мінула гадоў, месца, дзе былі пражыты непаўторныя імгненні дзяцінства, юнацтва, становіцца для кожнага з нас асабліва дарагім і блізкім.
22 лістапада не пазначаны ў календары чырвоным колерам, аднак для велікасельскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, іх бацькоў і настаўнікаў мясцовай школы ён стаў сапраўды святочным. Менавіта ў гэты дзень 20 год таму назад гасцінна адкрыла дзверы Велікасельская сярэдняя школа. Зоя Міхайлаўна Кабак у дасланым нам лісце расказвае пра таленавітых настаўнікаў, здольных вучняў і пра некаторыя гістарычныя факты з жыцця школы, працы ў якой прысвяціла ўсё сваё жыццё:
— Даваццацігадовы юбілей для гісторыі — гэта ўсяго толькі імгненне, у маштабах чалавечага жыцця гэта, напэўна, мала, бо ўсё яшчэ наперадзе: новыя сустрэчы і здзяйсненні, вяршыні і адкрыцці. А па мерках школьнага жыцця? Для многіх пакаленняў выпускнікоў, ветэранаў працы і цяперашніх настаўнікаў — гэта незабыўная падзея, якая дорыць выдатныя ўспаміны пра яркія будні і адкрывае новыя старонкі творчай дзейнасці.
Роўна 20 год назад Велікасельская СШ расчыніла дзверы для сваіх вучняў. Спачатку школа будавалася гаспадарчым спосабам, а потым прафесійнымі будаўнікамі Шаркаўшчынскай МПМК-68. Зацікаўленасць, падтрымка і ўся магчымая дапамога аказвалася і з боку базавай гаспадаркі — калгаса “Вялікае Сяло”, які ўзначальваў у той час Мечыслаў Морхат. Адкрыццё новай школы стала падзеяй для ўсёй вёскі, якога чакалі ўсе, набліжалі гэта свята на працягу пяці год настаўнікі, якія мылі, чысцілі школу пасля будаўнічых работ, бацькі, якія збіралі школьную мэблю, самі вучні, якія добраахвотна пазбавілі сябе восеньскіх канікулаў і дапамагалі і настаўнікам, і бацькам, жадаючы хутчэй пераехаць у новы будынак.
Кіраўнік МПМК-68 Анатоль Хліманкоў пры адкрыцці навучальнай установы ўручыў сімвалічны ключ ад Храма ведаў дырэктару Сяргею Рафаілавічу Ганебнаму — ініцыятыўнаму, энергічнаму, вопытнаму, творчаму педагогу, кіраўніку з вялікім пачуццём адказнасці за лёс калектыву. Нялёгка быць дырэктарам сельскай школы, але ў Сяргея Рафаілавіча было жаданне працаваць, ажыццяўляць вялікія планы, якія пры падтрымцы калектыву і бацькоў былі рэалізаваны.
У 2003 годзе школа прыняла пад сваё крыло дзіцячы сад. Адразу ж адміністрацыя і педагагічны калектыў сутыкнуліся з мноствам шматлікіх арганізацыйных пытанняў. Але з часам усё стала на свае месцы. І зараз ужо з упэўненасцю можна сказаць, што новая мадэль агульнаадукацыйнай установы “дзіцячы сад — школа” дазваляе вырашаць многія праблемы развіцця асобы дзіцяці. У 2005 годзе Велікасельская ДС-СШ заняла трэцяе месца ў абласным конкурсе “Лепшая сельская школа”, у 2006 — атрымала дыплом трэцяй ступені ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Упрыгожым Зямлю сваімі рукамі”.
Мы памятаем цудоўныя выступленні вучняў, якія займаліся ў фальклорным гуртку пад кіраўніцтвам Я. І. Садко. Гэта жанчына цікавілася народнай творчасцю, ёй удалося сабраць шмат песень, легенд і паданняў нашага краю. Матэрыял цікавы, змястоўны, запатрабаваны і зараз.
Доўгі час гледачы мелі магчымасць бачыць выступленні класаў, калі праходзіла мерапрыемства “Знаёмцеся, гэта — мы!”. Традыцыйнымі былі літаратурныя і музычныя вечары, калі кожны клас вывучаў творчасць якога-небудзь кампазітара або пісьменніка і рыхтаваў па тэме газеты, выступленні. Свае арганізатарскія здольнасці ў падрыхтоўцы інсцэніровак праяўляла Л. У. Кудзіна. Дзеці выступалі з такім майстэрствам, з такой пераканаўчасцю, што гледачы з заміраннем сэрца чакалі развіцця падзей.
У. М. Кудзін з’яўляўся і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак прыкладам для пераймання, вучыў гуляць у тэніс, майстраваць такія вырабы на ўроках працы, што яны траплялі ажно на ВДНГ у Маскву.
Вучні жылі насычаным, багатым, разнастайным на падзеі жыццём. Незабыўныя ўражанні засталіся ў школьнікаў ад паходаў з Б. М. Крыўко па Глыбоцкім, Браслаўскім і іншых раёнах. Усё гэта збліжала, аб’ядноўвала дзяцей. У. У. Сіняўскі, які працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, лічыўся арганізатарам правядзення КВЗ. Выступленнні каманды “ВЕСЕЛО” заўсёды мелі поспех. Зала ўзрывалася апладысментамі, калі выходзіла наша каманда. Уладзімір Уладзіміравіч пазней казаў, што гэта быў самы лепшы час у нашым жыцці. Сапраўды, гэта быў перыяд, які аб’яднаў людзей, якія не ўступалі адзін аднаму ў дасціпнасці, знаходлівасці, адметнасці.
Заўсёды “на біс” праходзілі выступленні вакальна-інструментальнага ансамбля настаўнікаў і вучняў.
Напэўна, на старонках аднаго артыкула немагчыма адзначыць і ўспомніць усе цікавыя падзеі, якія мелі месца ў нашай школе.
Гаворачы пра знамянальную для навучальнай установы дату, мы не можам не ўспомніць пра ветэранаў педагагічнай працы, пра настаўнікаў, якія аддалі ўсё самае лепшае і светлае школе, якія доўгія гады дзялілі з намі ўсе святы і будні. Гэта людзі, якія самааддана і шчыра працавалі, якія любую даручаную справу выконвалі якасна і сумленна, разумеючы вялікую адказнасць за лёс дзяцей і роднай школы. Гэта Л. У. Кудзіна, Я. І. Садко, Л. Ф. Брылёва, Г. І. Брылёва, В. І. Зуй, А. А. Катовіч. На вялікі жаль, няма ўжо сярод нас таленавітых педагогаў У. М. Кудзіна, Л. К. Лысёнак, Г. В. Зуй, У. С. Пармона. Менавіта яны — адданыя сваёй справе настаўнікі, уважлівыя і захопленыя энтузіясты, дапамагалі спасцігаць вучням веды і жыццёвы вопыт. І мы ганарымся тым, што яны працавалі ў нашай школе і рабілі яе адной з лепшых.
Гонар школы — яе вучні, якія зараз знаходзяцца за партамі, якія працягваюць вучобу ў іншых навучальных установах, а таксама тыя, хто ўжо працуе, але заўсёды высока трымае планку выпускніка Велікасельскай школы.
Падводзячы вынікі, можна з гонарам сказаць, што са сцен нашай навучальнай установы на вялікі жыццёвы шлях выйшаў 161 выпускнік, з іх 2 — залатыя медалісты. Напрыклад, Аляксандр Аляксандравіч Ластаўка плённа працуе ў Більдзюжскай сярэдняй школе настаўнікам фізікі і інфарматыкі. Сёння нашых выпускнікоў можна сустрэць паўсюдна. Гэта высокапрафесійныя і добрасумленныя работнікі, вядучыя спецыялісты на прадпрыемствах і ў арганізацыях, работнікі сельскай гаспадаркі, інжынеры і медыкі, настаўнікі і дзяржаўныя служачыя.
Наша школа сёння, якая яна? Тут заўсёды рады сваім выпускнікам, значыць — гасцінная. Тут гатовы дапамагчы кожнаму вучню, значыць — добрая. Сюды былыя вучні прыводзяць сваіх дзяцей і ўнукаў, значыць — любімая.
Пранесліся, нібы птушкі, дваццаць год. Час бяжыць няўмольна. Дзяцінства праходзіць, а школа застаецца такой жа маладой. І пакуль ёсць наша школа, мы з вамі заўсёды будзем маладымі, з чыстымі, адкрытымі сэрцамі.
Віруе жыццё. Школа з радасцю сустракае новых вучняў і з сумам выпраўляе на шырокую жыццёвую дарогу выпускнікоў. Усё мяняецца. Нязменным застаецца толькі адно — любоў і адданасць настаўніка да абранай прафесіі. Гэта вялікі дар прымаць і любіць кожнага свайго вучня, аддаваць яму часцінку свайго сэрца.
Зараз Велікасельская дзіцячы сад-сярэдняя школа — адна з лепшых у раёне. Тут працуе на чале з дырэктарам Ю. Ч. Матулем педагагічны калектыў, які адрозніваецца творчай актыўнасцю па ўкараненні прагрэсіўных і выніковых інавацый, які стварае аптымальныя ўмовы для паспяховага навучання і выхавання дзяцей. Дзякуючы ведам, педагагічнаму майстэрству ўсяго калектыву, школа знаходзіцца ў творчым развіцці. Яна па-ранейшаму маладая, невычэрпная на таленты, ініцыятыву, творчасць і навізну. У школе створаны добрыя ўмовы для вучобы, спорту, пазакласнай дзейнасці і культурнага адпачынку.
Кожны год гісторыі Велікасельскай школы заслугоўвае самастойнай кнігі-летапісу, як і лёс яе выпускнікоў, як і творчы шлях многіх яе настаўнікаў.
Мы ганарымся сваёй школай. Дзякуючы агульным намаганням і клопатам яна выглядае прасторнай і ўтульнай. Навучальная ўстанова вабіць дзяцей і з’яўляецца для іх другім домам. Жадаем любімай школе росквіту, таленавітых і творчых настаўнікаў і разумных вучняў!
Жыві і красуй, школа! З Днём нараджэння!
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *