5 студзеня — Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

Актуальное

45Кожны год 5 студзеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сацыяльнай абароны. Да іх ліку адносіцца вялікае мноства людзей розных спецыяльнасцей, але з аднолькавым душэўным прызваннем. Немалаважную ролю ў агульным працэсе стабільнага функцыянавання органаў сацыяльнай абароны насельніцтва адыгрывае аддзел занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шаркаўшчынскага райвыканкама. Пра работу дадзенага аддзела чытачам раённай газеты расказвае яго начальнік Людміла Мар’янаўна Бука:
— Работа аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін грунтуецца на ўсебаковай, прафесійнай і кампетэнтнай дапамозе катэгорыі непрацуючага насельніцтва раёна ў набыцці беспрацоўнымі вызначаных прафесій (спецыяльнасцей), пошуку для іх месца работы і г. д. У сваёй рабоце мы кіруемся Законам Рэспублікі Беларусь ад 15. 06. 2006г. “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” і іншымі нарматыўна-прававымі актамі дадзенай накіраванасці.
З мэтай забеспячэння эфектыўнай занятасці насельніцтва, павышэння працоўнай актыўнасці і канкурэнтаздольнасці работнікаў мы арганізуем прафесійную падрыхтоўку незанятага насельніцтва па запатрабаваных на рынку працы раёна прафесіях (спецыяльнасцях). Мы прапаноўваем свае паслугі выпускнікам, якія па розных прычынах не могуць працягваць далейшае навучанне, а таксама беспрацоўным, якія жадаюць змяніць прафесію ў сувязі з адсутнасцю работы, якая адпавядае іх кваліфікацыі. Запатрабаваныя на рынку прафесіі можна набыць бясплатна за 4—6 месяцаў. Навучанне і пражыванне ажыццяўляецца за сродкі фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. Акрамя таго, навучэнцам выплочваецца стыпендыя і аплочваецца праезд да месца вучобы і назад. Прафесійнае навучанне праводзіцца ва ўстановах адукацыі гарадоў Мінск, Віцебск, Полацк, Наваполацк, Орша, Маладзечна, а таксама ва ўстанове адукацыі “Вучэбна-курсавы камбінат падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Шаркаўшчынскага райсельгасхарчу (электрагазазваршчыкі, трактарысты-машыністы і аператары кацельных установак).
Аддзел занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін займаецца добраахвотным перасяленнем беспрацоўных і членаў іх сем’яў на новае месца жыхарства і працы ў межах Рэспублікі Беларусь. Інфармацыя пра наяўнасць свабодных працоўных месцаў з прадастаўленнем жылля ёсць у агульнарэспубліканскім банку дадзеных аб наяўнасці вакансій. Гэту інфармацыю можна атрымаць і ў нашым аддзеле. Беспрацоўным, якія заключылі дамову на перасяленне, ажыццяўляецца выплата грашовых сродкаў у памеры сямікратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (на сённяшні дзень бюджэт пражытачнага мінімуму складае 1 мільён 396 тысяч рублёў).
Яшчэ наш аддзел займаецца такімі накірункамі дзейнасці як:
— арганізацыя занятасці вучнёўскай моладзі ў свабодны ад вучобы час;
— арганізацыя часовай занятасці беспрацоўнай моладзі (маладзёжная практыка);
— арганізацыя аплочваемых грамадскіх работ;
— садзейнічанне ў арганізацыі беспрацоўным прадпрымальніцкай дзейнасці;
— фінансаванне мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў;
— пакрыццё затрат на набыццё спецабсталявання для стварэння рабочых месцаў для інвалідаў і г. д.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць, звярнуўшыся ў аддзел занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шаркаўшчынскага райвыканкама (каб. № 38 або па тэлефоне 4-40-63). Нашы спецыялісты дадуць усю неабходную інфармацыю.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *