Як у Радзюках калядавалі

Актуальное

IMG_0508Як вядома, Каляды непасрэдна звязаны са святам Нараджэння Хрыстова і ў Беларусі яны праводзяцца наступным чынам: звычайна калядоўшчыкі абыходзяць хаты з выкананнем віншавальных песень, нярэдка з тэатралізаванымі прадстаўленнямі. Самі яны пераапрануты ў разнастайныя касцюмы, увасабляючы персанажаў абраду — казу, мядзведзя, жураўля або бусла і іншых. Гаспадары хат, у якія прыходзілі калядаваць, павінны былі адорваць гасцей гасцінцамі і падарункамі. Адраджэнне і папулярызацыя калядавання — выдатная магчымасць дакрануцца да вытокаў беларускіх традыцый і спроба зразумець, як і чым жылі нашы продкі. Яго мэта — захаванне самабытнасці культуры беларускага народа і нацыянальных традыцый, адраджэнне і развіццё культурнай спадчыны, перадача назапашаных традыцый новым пакаленням.
У святочны дзень 7 студзеня моладзь з вёскі Радзюкі на чале з загадчыцай сельскага дома культуры Ганнай Іванкіў у каларытных касцюмах з каляднай зоркай у руках гуляла па вуліцах вёскі і спявала калядныя песні.
Калядоўшчыкаў можна было пачуць здалёк, яны грукалі ў бубен, дзьмулі ў свістулькі і са словамі «Мы са святам вас вітаем, шчасця, радасці жадаем!» сустракалі прахожых. Людзі ў адказ фатаграфавалі незвычайную кампанію на мабільныя тэлефоны, крычалі прывітанні, падпявалі, вадзіцелі сігналілі.
Мясцовая моладзь збіраецца ў каляду ўжо некалькі гадоў запар. Калядоўшчыкі мінулых гадоў вучаць песням новых удзельнікаў, некаторыя часткі сцэнарыя перакладаюць на больш сучасны манер, прыдумляюць новыя жарты. Важнай часткай абраду з’яўляецца наведванне жыхароў вёскі. Галоўнае — не папярэджваць гаспадароў зараней, каб усё было нечакана.
Асаблівасцю радзюкоўскіх калядоўшчыкоў было тое, што з імі хадзілі аж тры казы. А значыць, каб ажывіць іх трэба было пакласці падарункі не ў адзін, а адразу ў тры кошыкі. Пасля гэтага козы ажывалі, а калядоўшчыкі зычылі гасцінным гаспадарам “шчасця без канца, у кожным куточку па сыночку ды каб у хаце было заўжды, што даюць”.
Сваімі ўражаннямі ад наведвання калядоўшчыкаў падзялілася Марына Ананіч, да якой яны завітваюць ужо не першы раз:
— Чароўнае атрымалася свята, цудоўныя калядкі. Вельмі добрыя калядоўшчыкі, якія падаравалі святочны настрой. Дзеткі паздзіўляліся, дарослыя пасмяяліся. Вельмі ўсё было пазітыўна, крэатыўна, асабліва спадабаліся тры козачкі. Чакаем іх у госці ў наступныя Каляды.
Алена АНАНІЧ

IMG_0472 IMG_0475 IMG_0476 IMG_0485 IMG_0488 IMG_0500 IMG_0515 IMG_0522 IMG_0530 IMG_0532 IMG_0537



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *