Малыя рэкі — гэта важныя крыніцы пітной вады, без іх немагчыма развіваць сельскую гаспадарку і мясцовы турызм. Іх абарона дапамагае захоўваць экасістэмы цэлых рэгіёнаў. Так, ад чысціні прытокаў Дзісны залежыць экалагічны стан Балтыкі, бо Дзісна ўпадае ў Заходнюю Дзвіну, якая нясе свае воды ў Балтыйскае мора. Праект «Малыя рэкі — вялікія праблемы» закліканы захаваць малыя рэкі басейна Дзісны.
12 студзеня ў малой зале Шаркаўшчынскага райвыканкама прайшло арганізацыйнае пасяджэнне на тэму аховы малых рэк басейна ракі Дзісна (фінансуецца Еўрапейскім Саюзам, партнёры па праекце — Глыбоцкі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі райвыканкамы). На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі, прадстаўнікі ад раённых экалагічных інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, кіраўнікі экалагічных пастоў і школьных экалагічных клубаў, прадстаўнікі грамадскіх экалагічных арганізацый.
Удзельнікаў мерапрыемства цёпла прывітала намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама Наталля Арэшкава.
Затым кіраўнік праекта Ірына Іванова правяла прэзентацыйную справаздачу, акрэсліла задачы, мэты, расказала пра мерапрыемствы, якія былі праведзены на Глыбоччыне, Пастаўшчыне, Шаркаўшчыне па ачышчэнні малых рэк, па навядзенні парадку на іх берагах.
У межах мерапрыемстваў па ўстойлівым развіцці малых рэк басейна Дзісны праводзяцца і запланаваны: маніторыг, ачыстка праблемных участкаў, добраўпарадкаванне зон адпачынку, паркаў на берагах рэк, устаноўка кантэйнераў для смецця, з’яўленне экалагічных сцяжынак. Месцы для правядзення пілотных праектаў вызначаюцца экалагічнымі пастамі, няўрадавымі арганізацыямі і мясцовымі ўладамі, ўзгадняюцца з кіраўніцтвам праекта і прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі. Арганізатары праекта ў рэалізацыі яго разлічваюць на дапамогу мясцовага насельніцтва, найперш — моладзі. Таму вялікая ўвага была ўдзелена стварэнню і развіццю экалагічных пастоў і дзіцяча-юнацкіх экалагічных кружкоў. Амаль 400 чалавек сталі ўдзельнікамі 15 экалагічных пастоў, ствараюцца школьныя экалагічныя клубы, якія правялі больш за 100 экспедыцый па даследванні вады ў рэках і ачыстцы рачных берагоў. У кастрычніку 2014 года ў трох раёнах было сабрана амаль пяцьдзесят 220-літровых мяшкоў смецця. Вучні 15 школ змаглі даведацца пра важнасць малых рэк падчас правядзення экалагічных заняткаў. Мноства эсэ і фотаздымкаў былі прадстаўлены школьнікамі на творчых конкурсах. Выставы работ праходзілі з мая па чэрвень 2014 года ў Паставах, Глыбокім і Шаркаўшчыне. Каля 70 хлопчыкаў і дзяўчынак вучыліся карыстацца кампактнымі хімічнымі лабараторыямі ў экалагічным лагеры, які праходзіў з 28 па 31 ліпеня 2014 года ў аграгарадку Германавічы. З той пары запрацаваў сайт праекта reka-disna.org, дзе можна знайсці актуальную інфармацыю аб стане малых рэк. Пры дапамозе лабараторый юныя эколагі вымяраюць узровень забруджвання вады, а потым загружаюць дадзеныя на гэты сайт.
— Праект “Малыя рэкі — вялікія праблемы” дзейнічае ў адным накірунку з нацыянальнымі праграмамі, якія забяспечваюць устойлівасць развіцця малых рэк на тэрыторыі Беларусі, — адзначыла Ірына Іванова. Пасля яе выступлення ўдзельнікі сустрэчы прыступілі да абмеркавання вузкаспецыяльных пытанняў і распрацоўкі далейшых планаў.
Сяргей ВЫСОЦКІ.
